Катэхеза Папы Францішка: чаму ў нядзелю трэба хадзіць на св. Імшу?

Мы ходзім на св. Імшу не для таго, каб даць штосьці Богу, але, наадварот, каб атрымаць ад Яго тое, у чым па-сапраўднаму маем патрэбу, падкрэсліў Папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі, якая 13 снежня 2017 г. прайшла ў ватыканскай Зале Паўла VI.

Катэхезу ён прысвяціў нядзельнай Эўхарыстыі, якая дае хрысціянам магчымасць сустрэчы з Богам, умацавання Яго словам і адчування сябе Касцёлам, Яго містычным Целам.

“Ад самага пачатку гэта зразумелі вучні Езуса, якія цэлебравалі Эўхарыстычную Сустрэчу з Панам у дзень, які яўрэі называлі “першым днём тыдня”, а рымляне “днём сонца”. Бо ў гэты дзень Езус уваскрос і аб’явіўся вучням, размаўляючы з імі, спажываючы з імі ежу, дорачы ім Святога Духа. Таксама вялікае спасланне Святога Духа адбылося ў нядзелю, на пяцідзесяты дзень пасля ўваскрасення Езуса. Таму менавіта нядзеля – гэта святы дзень для нас, асвечаны эўхарыстычнай цэлебрацыяй, жывой прысутнасцю Пана паміж намі і для нас. Менавіта св. Імша робіць нядзелю хрысціянскай! Хрысціянская нядзеля сканцэнтравана вакол св. Імшы. Што гэта за нядзеля для хрысціяніна без сустрэчы з Панам?”, — сказаў Папа.

Пантыфік падкрэсліў, што каталіцкія супольнасці, які не маюць магчымасці ўдзелу ў св. Імшы кожную нядзелю, “пакліканы ў гэты святы дзень сабрацца на малітве ў імя Пана, слухаючы Божае слова і захоўваючы моцным жаданне Эўхарыстыі”.

“Некаторыя секулярызаваныя грамадствы згубілі хрысціянскі сэнс нядзелі, асвечанай Эўхарыстыяй. Гэта грэх. У іх неабходна ажывіць гэту свядомасць, аднавіць значэнне свята – не губляць значэння свята, – значэнне радасці, парафіяльнай супольнасці, салідарнасці, адпачынку, які ўмацоўвае душу і цела. Настаўніцай усіх гэтых каштоўнасцяў з’яўляецца Эўхарыстыя, з нядзелі ў нядзелю. Таму Другі Ватыканскі Сабор пажадаў сцвердзіць, што “нядзеля – гэта першасны святочны дзень, і яго трэба так падкрэсліваць і прадстаўляць пабожнасці вернікаў, каб ён стаў таксама днём радасці і адпачынку ад працы”, — працытаваў Папа саборную Канстытуцыю аб літургіі “Sacrosanctum Concilium”.

Папа Францішак заўважыў, што існаванне нядзелі, як вольнага ад працы дня, з’яўляецца плёнам распаўсюджвання хрысціянства. Юдэі адпачывалі ў суботу, а ў рымскім грамадстве ўвогуле не было прадугледжана спецыяльнага дня для ўстрымання ад рабскай працы. “Без Хрыста мы асуджаны на прыгнечанне штодзёнай стомленасцю. Нядзельная сустрэча з Панам дае нам сілы, каб жыць сёння з даверам і адвагай і крочыць наперад з надзеяй”, — сцвердзіў Папа.

“Што можам адказаць тым, хто кажа, што не важна хадзіць на св. Імшу, нават у нядзелю, а толькі важна быць добрымі, любіць бліжняга? Гэта праўда, што якасць хрысціянскага жыцця вымяраецца здольнасцю любіць, як казаў Езус: “Па гэтым усе пазнаюць, што вы Мае вучні, калі будзеце мець любоў адзін да аднаго” (Ян 13,35); але як можам практыкаваць Евангелле, не чэрпаючы, з нядзелі ў нядзелю, неабходныя для гэтага сілы з невычэрпнай крыніцы Эўхарыстыі? Мы не ідзём на св. Імшу, каб даць штосьці Богу, але, каб атрымаць ад Яго тое, у чым па-сапраўднаму маем патрэбу”, — падкрэсліў Пантыфік.

Святы Айцец падкрэсліў, што католікі павінны ўдзельнічаць у нядзельнай св. Імшы, паколькі толькі дзякуючы ласцы Езуса, Яго жывой прысутнасці ў нас і паміж намі могуць спаўняць Яго запаведзі, і быць, такім чынам, Яго пераканаўчымі сведкамі.

Пантыфік, ужо па традыцыі, звярнуўся да моладзі, хворых і маладых сужонкаў, заклікаючы іх сузіраць веліч любові Бога, ахвяроўваць цярпенні дзеля навяртання грэшнікаў і шмат маліцца, асабліва ў перыяд Адвэнту, каб жыццё стала шляхам хрысціянскага ўдасканалення.

Ватыканскае Радыё

для друку для друку