Каталіцкія кардыналы ў гісторыі Беларусі

кардыналУ Беларусі пасля смерці ў 2011 годзе Казіміра Свёнтка кардыналаў няма ўжо чатыры гады. У той жа час у суседняй Польшчы ёсць чатыры кардыналы, ва Украіне — два, у Літве і Латвіі — па адным. КРЫНІЦА.INFO вырашыла ўзгадаць усіх кардыналаў у гісторыі Каталіцкага Касцёлу на беларускіх землях.

 

 

 

ягелончык

Фрыдэрык Ягелончык

Першым такім кардыналам можа лічыцца Фрыдэрык Ягелончык (1468-1503). Ён хоць на тэрыторыі Беларусі і не служыў, але быў сынам вялікага князя літоўскага і караля польскага Казіміра Ягелончыка. У 1488 годзе ён стаў біскупам кракаўскім, яшчэ праз пяць год – гнезненскім і прымасам Польшчы. Дбаў пра Касцёл у краіне, літургічнае жыццё, духавенства. У 1501 годзе актыўна падтрымліваў абранне свайго брата, вялікага князя літоўскага Аляксандра на польскі сталец, што ўзмацніла унію ВКЛ і Польшчы.

радзівіл

Юры Радзівіл

Наступным кардыналам у гісторыі Беларусі быў Юры Радзівіл (1559-1600) – сын галоўнага апекуна пратэстантызму ў ВКЛ Мікалая Радзівіла Чорнага. Будучы кальвіністам, Юры Радзівіл у 1574 годзе прыняў каталіцтва. У 1579 годзе стаў біскупам віленскім, а ў 1591 годзе – кракаўскім. Кардыналам быў з 1583 года. Двойчы ўдзельнічаў у выбарах Папы і сам мог стаць Папам. Выконваў таксама дыпламатычныя функцыі. Актыўна змагаўся з пратэстантызмам, праводзіў рэформы Трыдэнцкага сабору. Удзельнічаў у падрыхтоўцы уніі з Праваслаўнай Царквой ВКЛ.

ян-альберт

Ян Альберт Ваза

Два наступныя кардыналы былі роднымі братамі — княжычы вялікія літоўскія і каралевічы польскія Ян Альберт Ваза (1612-1634) і Ян Казімір Ваза (1609-1672). Абодва былі кардыналамі нядоўга. Першага яшчэ ў дзевяцігадовым узросце бацька Жыгімонт Ваза прызначыў біскупам вармінскім. У 1632 годзе атрымаў кардынальскі сан, а ў наступным годзе стаў біскупам кракаўскім.

ян-казімір

Ян Казімір Ваза

Ян Казімір Ваза жа стаў святаром насуперак волі бацькі ў 1643 годзе, а ў 1646 годзе атрымаў кардынальскую годнасць. Але ўжо 1647 годзе, калі памёр ягоны адзіны пляменнік і ён стаў адзіным спадчыннікам гаспадара Рэчы Паспалітай, Ян Казімір адмовіўся ад кардынальства і вярнуўся на радзіму. У 1648 годзе ён стаў вялікім князем літоўскім і каралём польскім.

дэнгаф

Яна Казіміра Дэнгафа

Наступным кардыналам з Беларусі можна ў пэўнай ступені лічыць Яна Казіміра Дэнгафа (1649-1697), які хоць і нарадзіўся ў Варшаве, але быў сынам падскарбія надворнага літоўскага Тэадора Дэнгафа. З 1682 года ён, святар-езуіт, быў прадстаўніком Рэчы Паспалітай у Рыме. У 1686 годзе стаў кардыналам, а праз два гады – біскупам Чэзены ў Італіі.

пузына

Ян Пузына

З княскіх родаў ВКЛ паходзілі і два наступныя кардыналы: князь Ян Пузына (1842-1911), які вёў свой радавод ад чарнігаўскіх Рурыкавічаў, і князь Адам Стэфан Сапега (1867-1951).

Першы быў у 1886-1895 гадах дапаможным біскупам Львоўскім, а затым – біскупам кракаўскім. Кардыналам ён стаў у 1901 годзе.

сапега

Адам Стэфан Сапега

Адам Стэфан Сапега змяніў Яна Пузыну на кракаўскай катэдры ў 1911 годзе. У 1926 годзе стаў мітрапалітам, а ў 1946-м – кардыналам. Менавіта ён высвяціў у святары будучага Папу Яна Паўла ІІ.

Адзіным дагэтуль кардыналам у гісторыі сучаснай Беларусі быў Казімір Свёнтак (1914-2011), які хоць і нарадзіўся ў Эстоніі, але амаль усё сваё жыццё правёў у Беларусі (каля 12 гадоў ён правёў у ссылцы ў Сібіры). Служыў у парафіях Пружанаў і Пінску. У 1991 годзе стаў арцыбіскупам Мінска-Магілёўскім і апостальскім адміністратарам Пінскай дыяцэзіі. Кардынальскую годнасць атрымаў у 1994 годзе. У 2006 годзе выйшаў на пенсію, але адміністраваў Пінскай дыяцэзіяй амаль да самай смерці.

свёнтак

Казімір Свёнтак

 

 

Максім Гацак

для друку для друку