Каталіцкі святар пра тэлепраграму «Хачу ў тэлевізар. Экстрасэнсы»

glybokaje_rekalekcji03

а. Аляксандр Жарнасек MIC

Каталіцкі святар, экзарцыст Віцебскай дыяцэзіі, а. Аляксандр Жарнасек MIC, каментуючы Krynica.info паведамленне аб тым, што на Беларускім тэлебачанні рыхтуецца пілотны выпуск новай тэлепраграмы «Хачу ў тэлевізар. Экстрасэнсы», — аналага расійскай тэлеперадачы «Бітва экстрасэнсаў», — прапануе не драматызаваць з’яўленне на айчынных «блакітных экранах» чарговай «чартаўшчыны»: «У большы тупік жыццё чалавека, які жыве без Бога, чым той, у які яно ўжо загнанае, гэтая перадача не загоніць».

Нічога добрага, тлумачыць святар, зразумела, у з’яўленні такой перадачы няма, — яшчэ адна праява нізкагатунковай мас-культуры, якая працуе на атупленне гледача.

«Чалавеку, які жыве без Бога, неразборліваму ў каштоўнасцях, — на самай справе ўсё роўна, што глядзець. Ён знойдзе такую перадачу на расійскім тэлебачанні, яшчэ нешта падобнае знойдзе.

З’явілася беларуская — значыць, проста на адну больш стала. Але нейкага ўздзеяння на стан справаў у грамадстве гэтая перадача не акажа. Чалавек, які жыве з забітымі такой «культурай» мазгамі, у любым выпадку будзе шукаць у праграме менавіта такія перадачы».

Кажучы пра меркаваную якасць такой перадачы, а. Аляксандр кажа, што, хутчэй за ўсё, перад беларускім гледачом паўстануць не чараўнікі і чарадзеі, а «шарлатаны ці проста упэўненыя ў сабе людзі, гатовыя згуляць і такую ролю». «Не думаю, што айчынная перадача будзе канкурэнтаздольная з расійскай», — дадае айцец-экзарцыст.

Асцерагацца таго, што тэлеперадача аб чараўніках можа паслужыць для апошніх сродкам рэкламы і крыніцай новых кліентаў, на думку святара, таксама не варта: «Людзі ў нас такія, што ўсе, хто гатовы знайсці «бабку», яе без цяжкасці знаходзіць, у нашай інфармацыйнай прасторы няма абароны ад піяру такіх «паслугаў» і папулярызацыі такіх людзей».

Што тычыцца веруючых людзей, то для іх прагляд такіх перадачаў сапраўды можа несці непрыемныя наступствы, — тлумачыць святар. «Гэта не азначае, што вось чалавек паглядзеў такую перадачу, — і ўсё, жыццё ў яго змянілася, пачалася праблемы, — але праблемы сапраўды пачынаюцца, у двух словах гэтага не распавядзеш, гэта кожны раз індывідуальны выпадак кожнага чалавека», — дадае а. Аляксандр, спасылаючыся на досвед сваёй экзарцысцкай практыкі.

для друку для друку