Каталіцкі Касцёл дапамагае перамагчы смертаносныя эпідэміі

9 снежня 2016 г. у Рыме распачалася двухдзённая канферэнцыя, прысвечаная аналізу магчымасцяў Святога Пасаду ў барацьбе з эпідэміяй Эбола ў Заходняй Афрыцы і пандэміяй віруса Зіка.

На адкрыцці форуму выступіў старшыня Папскай рады “Iustitia et pax” кардынал Пітэр Тарксан, які каардынаваў дзейнасць па распрацоўцы плана аказання дапамогі краінам, ахопленым эпідэміяй.

“У якасці прыярытэтнай мэты мы вызначылі для сябе ўзмацненне прысутнасці каталіцкіх медыцынскіх, сацыяльных, адукацыйных і пастырскіх структур у пацярпелых краінах з намерам паменшыць трагічае ўздзеянне эпідэмій на сем’і і супольнасці”, — адзначыў іерарх. Распрацаваная праграма прадугледжвае тры напрамкі дзейнасці, умоўна акрэсленыя як “Ахова здароўя”, “Рэакцыя супольнасці” і “Душпастырская рэакцыя”.

Па словах кардынала Тарксана, Святы Пасад вырашыў не канцэнтравацца на дапамозе выключна пацярпелым ад эпідэміі Эбола, але накіроўваць сродкі на аказанне медыцынскай дапамогі ўсім, хто яе патрабуе, тым самым прадухіляючы далейшае распраўсюджванне смяротнага захворвання. Набыццё неабходных лекаў і вакцын, паляпшэнне санітарна-гігіенічных умоў у медыцынскіх установах, павелічэнне колькасці медыцынскіх супрацоўнікаў сталі асноўнымі накірункамі дзейнасці каталіцкіх структур у зонах высокай рызыкі.

Вялікую ролю ў барацьбе з эпідэміяй Апостальская Сталіца надае мясцовым парафіям і супольнасцям – месцам, дзе, па словах кардынала Тарксана, вернікі могуць атрымаць праўдзівую інфармацыю аб стане спраў. Таму праграма прадугледжвае фінансаванне адукацыйных праграм, якія б знаёмілі мясцовых вернікаў з санітарнымі правіламі паводзін ва ўмовах эпідэміі, набыццё здаровых прадуктаў харчавання для сямей, якія праходзяць адпаведнае абследаванне або лячэнне, неабходную падтрымку дзяцей-сірот і членаў малазабяспечаных сямей.

Нарэшце, распазнаючы патэнцыял Каталіцкага Касцёла ў якасці “лекара душаў”, распрацаваная Святым Пасадам праграма дапамогі краінам, пацярпелым ад эпідэміі Эбола, уключае фінансавую падтрымку мясцовых дыяцэзій, манаскіх кангрэгацый і каталіцкіх арганізацый для ажыццяўлення адпаведнай падрыхтоўкі душпастырскіх работнікаў і духавенства, каб умелі духоўна суправаджаць сем’і, ахопленыя няшчасцем смяротнай хваробы.

Кардынал Тарксан падзякаваў Святому Айцу і шэрагу міжнародных дабрачынных каталіцкіх арганізацый, сярод якіх “Catholic Relief Services” і “Caritas Internationalis”, за дапамогу ў рэалізацыі гэтай праграмы. Дзякуючы ёй, Святы Пасад ужо ажыццявіў 5 праектаў у Гвінеі, 7 – у Сьера-Леонэ і 10 – у Ліберыі, падсумаваў іерарх.

Канферэнцыя па абмеркаванні шляхоў дапамогі Каталіцкага Касцёла ў барацьбе з эпідэміяй Эбола і пандэміяй віруса Зіка адбываецца ўпершыню. Яе арганізатарамі выступілі Пасольства ЗША пры Святым Пасадзе, Папская рада “Iustitia et pax” і “Caritas Internationalis”.

У форуме прымаюць удзел супрацоўнікі ватыканскіх структур, прадстаўнікі шэрагу міжнародных арганізацый і дыпмісій, члены каталіцкіх структур, медыцынскія работнікі.

Ватыканскае Радыё

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі