«Каталіцкія» значэнні дзён і месяцаў

Перш, чым я стаў католікам, мой тыдзень меў тры важныя дні: панядзелак быў самым страшным днём, каб пачаць працу і школьны тыдзень; серада стала галоўным днём, поўным надзеі, калі большая частка тыдня скончылася; а пятніца — блаславёны апошні дзень тыдня, які суправаджаў нас у выходныя.

Калі я стаў католікам, я пачаў адчуваць новую падзяку за святасць часу. Літургічны цыкл надае лёсавызначальную форму і сэнс, і кожны перыяд прыносіць новае значэнне. Але літургічны год — гэта толькі пачатак. Ці ведаеце вы, што Касцёл-маці таксама надаваў асаблівага значэння кожнаму дню і месяцу ў годзе? Гэта сапраўды так. Прапаную паглядзець на значэнне кожнага дня тыдня для католіка.

Нядзеля прысвечана Святой Тройцы. Гэта адпаведна, паколькі — першы дзень тыдня, дзень, калі мы складаем свае малітвы, пакланенне і падзяку Богу Айцу, Сыну і Духу Святому.

У панядзелак мы ўспамінаем асаблівым чынам Анёлаў. Анёлы — магутныя ахоўнікі, і кожны з нас знаходзіцца пад абаронай аднаго з іх. Многія святыя мелі вялікую адданасць Анёлам увогуле і асабліва Анёлу-ахоўніку. У некаторых касцельных супольнасцях Святы Дух таксама традыцыйна ўшаноўваецца па панядзелках, а заступніцтва Анёлаў прызываюць па аўторках.

У аўторак Касцёл ушаноўвае святых апосталаў. КаталіцкіКасцёл Апостальскі, гэта значыць заснаваны на аўтарытэце і вучэнні апосталаў, асабліва — св. Пятра, якому Езус аддаў ключы ад свайго Валадарства. Таксама кожны біскуп з’яўляецца пераемнікам апосталаў.

Серада, па традыцыі, прысвечана св.Юзафу. Касцёл ушаноўвае яго як апекуна і галоўнага заступніка. Мы ведаем, якую ролю ён адыграў у жыцці Госпада і Яго Найсвяцейшай Маці. Цяпер, калі Хрыстос узышоў на неба, св. Юзаф працягвае аказваць бацькоўскую апеку над Целам Хрыста — Касцёлам.

Наш Пан у чацвер устанавіў сакрамант Эўхарыстыі, таму ў гэты дзень мэтазгодна згадаць большасць Сакрамантаў. Эўхарыстыя — гэта найвялікшы дар Бога для ўсяго чалавецтва, бо сам Хрыстос застаецца з намі пад выглядам хлеба і віна. Які падарунак можа быць большым за гэты?

Хрыста ўкрыжавалі ў пятніцу, таму Касцёл заўсёды выдзяляў гэты дзень тыдня як дзень пакаяння і ахвяры. Пятніца заўсёды павінна быць днём пакаяння і днём памяці аб поўнай ахвяры Хрыста, якую Ён учыніў, каб выратаваць свет.

Існуе доўгі спіс багаслоўскіх прычын, па якіх субота прысвечана Маці Божай. Успомнім толькі тое, што ў Вялікую суботу, калі ўсе астатнія пакінулі Хрыста ў магіле, Марыя заставалася вернай Яму, упэўнена чакаючы ўваскрасення ў першы дзень тыдня.

Асаблівае значэнне маюць месяцы, на працягу якіх мы можам разважаць над канкрэтнымі праўдамі нашай веры.

Так, у студзені мы ўшаноўваем Святое Імя Езуса. Катэхізіс Каталіцкай Царквы выдатна абагульняе моц гэтага Імені: “Імя Езуса змяшчае ўсё: Бога і чалавека, і ўсё стварэнне і збаўленне. Абвяшчаючы ў малітве «Езус», мы заклікаем Яго, мы звяртаемся да Яго ў нас саміх. Яго Імя адзінае, якое ўтрымлівае прысутнасць, якое яно азначае. Езус уваскрос, і кожны, хто кліча Яго Імя, прымае Сына Божага, які палюбіў яго і аддаў сябе за яго» (ККК, 2666).

Святая Сям’я — гэта зямное адлюстраванне Святой Тройцы. Разважаючы над таямніцамі жыцця Сям’і з Назарэта, асабліва ў лютым, — мы бачым, што такое каханне, паслухмянасць і сапраўднае бацькоўства і мацярынства. Гэта таксама магчымасць успомніць, што сям’я з’яўляецца асновай як грамадства, так і Касцёла.

Святы Юзаф падобны да Бога-Айца —  маўклівы, але актыўны; ён клапоціцца пра нас. Касцёл пастаянна просіць заступніцтва гэтага святога, запрашаючы нас » ite ad Joseph» — ісці да Юзафа, і мы ў сакавіку аддаём яму асаблівую пашану.

На працягу двух тысяч гадоў Касцёл ахоўвае скарб, якім з’яўляецца Эўхарыстыя, удзяляючы яго вернікам і абвяшчаючы, што гэта сам Езус. Словы «занадта шмат» не падыходзіць для Найсвяцейшага Сакраманту: мы ніколі не можам быць занадта адданыя Эўхарыстыі альбо аддаваць ёй многа пашаны. Красавік прысвечаны спецыяльным разважанням і малітвам перад Святымі Дарамі.

Маці Божая ўжо даўно асацыюецца з прыгажосцю кветак і прыходам вясны: яна такая ж прыгожая і з’яўляецца Маці Госпада нашага Езуса Хрыста, Жыцця свету. У маі Касцёл ушаноўвае нашу Найсвяцейшую Маці працэсіямі ў яе гонар.

Найсвяцейшае Сэрца Езуса паказвае непамерную Божую любоў да нас. Яго часта малююць у агні, прабітым і разбітым, але жывым і пульсуючым любоўю. Найсвяцейшае Сэрца таксама з’яўляецца змястоўным напамінам аб чалавечай прыродзе нашага Пана, бо Яго Сэрца — гэта не толькі прыгожы сімвал, але і фізічная рэчаіснасць. Мы разважаем над таямніцай Божай любові да ўсяго чалавецтва, якім гарыць Сэрца Езуса, у чэрвені.

Каштоўная кроў Хрыста ратуе нас ад граху і дае нам надзею на нябёсах. Святы Павел кажа, што Езус прымірыў «усё, што было з зямным ці нябесным, заключыўшы мір праз кроў Свайго крыжа» (Кал. 1, 20). Без крыві Хрыста, пралітай за нас, усё было б страчаным. У ліпені мы асабліва шануем Святую Кроў нашага Пана Езуса Хрыста.

Сэрца Марыі — гэта сэрца Маці, поўнае любові і міласэрнасці да сваіх дзяцей. Гэта таксама канал, праз які ўсе ласкі Божыя спускаюцца да нас. Марыя — гэта «наша жыццё, наша задавальненне і наша надзея». Мы аддаём асаблівую пашану Беззаганнаму Сэрцу Марыі ў жніўні.

За выключэннем Езуса, ніхто не пацярпеў больш, чым наша Найсвяцейшая Маці. У поўнай паслухмянасці волі Божай яна прыняла катаванні, здзекі і жорсткую смерць свайго Сына дзеля нашага збаўлення. Кожная мама ведае, што бачыць пакуты свайго дзіцяці — гэта найбольшая пакута. Яна па-ранейшаму нясе ў сваім сэрцы пакуты свайго Боскага Сына. У верасні Касцёл разважае над сямі журботамі Найсвяцейшай Панны Марыі.

Ружанец — адно з наймацнейшых узбраенняў Касцёла. Святыя, Папы, наш Пан і наша Маці Божая пастаянна заклікаюць маліцца гэтай простай, але змястоўнай малітвай. Маці-Касцёл прысвяціў цэлы месяц на Ружанец — кастрычнік.

Душы ў чысцу пакутуюць шмат, але яны не могуць маліцца за сябе. Гэта нашы браты і сёстры; усе мы, члены Цела Хрыста, павінны маліцца і прыносіць ахвяры за тых, хто наперадзе нас на шляху да Айца, просячы, каб яны маглі адпачываць ў святле Божай прысутнасці. Па-асабліваму Касцёл моліцца за ўсіх памерлых вернікаў у лістападзе.

У снежні мы разважаем над Беззаганным Зачаццем Панны Марыі. Гэта глыбокая таямніца яднання Марыі — дасканала і назаўсёды — з яе жаніхом, Духам Святым. Іх плённы саюз нарадзіў вяселле неба і зямлі ў Богачалавеке, Езусе Хрысце. Мы будзем разважаць над гэтай праўдай вечнасць.

«Каталіцкі» сэнс дзён і месяцаў – гэта змястоўны напамін пра тое, што наша зямное жыццё скончыцца, і мы не павінны яго марнаваць. Як сказаў псалміст: » Навучы нас так лічыць дні нашыя, каб мы здабылі мудрасць сэрца» (Пс. 90, 12). Але перш за ўсё гэта нагадвае нам, што час — гэта дар Божы: з Ім і праз Яго ўсе рэчы — святыя, і нічога не існуе без сэнсу.

Па матэрыялах credo.pro
Пераклад Марыны Сінкевіч

для друку для друку