Каталіцкія біскупы Беларусі звярнуліся да Прэзідэнта з просьбай разгледзіць пытанне аб прадастаўленні адтэрміноўкі ад праходжання вайсковай службы

Каталіцкія біскупы Беларусі звярнуліся да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай разгледзіць пытанне аб прадастаўленні адтэрміноўкі ад праходжання вайсковай службы семінарыстам і святарам прызыўнога ўзросту.

Паведамленне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Згодна з даручэннем Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 13 красавіка 2006 г. у межах падрыхтоўкі праекта ўказа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў накіроўвае ў Міністэрства абароны хадайніцтвы аб прадастаўленні адтэрміноўкі ад прызыву на тэрміновую вайсковую службу для святароў і студэнтаў вышэйшых духоўных навучальных установаў.

Таксама ў жніўні 2017 г. у адказ на запыт апарата Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў дыяцэзіі Каталіцкага Касцёла ў Беларусі падалі адпаведную інфармацыю для прадастаўлення адтэрміноўкі на 2018 г. святарам і студэнтам вышэйшых духоўных навучальных установаў.

Аднак у маі 2018 г. семінарысты і святары прызыўнога ўзросту пачалі атрымліваць павесткі для праходжання тэрміновай вайсковай службы.

У сувязі з гэтым, а таксама з улікам усё яшчэ недастатковай колькасці мясцовых святароў для працы ў парафіях Беларусі, і беручы пад увагу тое, што ў выпадку прызыву студэнтаў вышэйшыя духоўныя семінарыі не змогуць існаваць, Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі звярнулася да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі з просьбай разгледзіць пытанне аб прадастаўленні адтэрміноўкі ад праходжання вайсковай службы студэнтам-семінарыстам і святарам прызыўнога ўзросту.

catholic.by

 

для друку для друку