Каталіцкі Касцёл Венесуэлы абвясціў нелегітымным рэжым Мадуры

У Венесуэле трываюць пратэсты, скіраваныя супраць рэжыму Нікаласа Мадуры. Сотні тысяч чалавек пратэстуюць на вуліцах венесуэльскіх гарадоў, у сутыкненнях з паліцыяй загінулі прынамсі 16 чалавек.

На фоне пратэстаў кіраўнік парламенту Хуан Гуайдо абвясціў сябе часова выконваючым абавязкі прэзідэнта краіны замест Нікаласа Мадуры, пераабранне якога прызнанае нелегітымным. Новага кіраўніка дзяржавы ўжо прызнаў прэзідэнт ЗША Дональд Трамп. Пра нелегітымнасць дзеючых уладаў таксама заявілі ўрады Канады, Калумбіі, Бразіліі, Аргентыны і многіх іншых амерыканскіх краін.

Не застаўся збоку і Каталіцкі Касцёл у Венесуэле, які яшчэ 15 студзеня выпусціў заяву біскупа Авідыя Перэса Маралеса. “Касцёл Венесуэлы, аб’яднаны праз біскупаў з Рымам, абвяшчае сацыялістычна-камуністычны рэжым нелегітымным і становіцца ў салідарнасці з народам Венесуэлы, каб выратаваць дэмакратыю, свабоду і справядлівасць”, — гаворыцца ў заяве.

Камісія па справядлівасці і міру Канферэнцыі біскупаў Венесуэлы таксама запатрабавала, каб урад і сілы бяспекі пазбягалі рэпрэсій і адвольных арыштаў людзей, якія выйшлі на марш пратэсту 23 студзеня ў розных частках краіны. Камісія нагадала, што марш быў скліканы Нацыянальным сходам, як “абраны свабодным і дэмакратычным галасаваннем народа” і “ў цяперашні час з’яўляецца адзіным органам публічнай улады”.

Камісія нагадала аб індывідуальнай адказнасці за парушэнне асноўных правоў, і заклікала венесуэльскі народ маліцца за Венесуэлу, каб аднавіць канстытуцыйны парадак, дасягнуць духоўнага і матэрыяльнага росквіту краіны.

Кульмінацыяй стала просьба да заступніцы Венесуэлы Дзевы Марыі з Карамота “заступіцца за нас, венесуэльцаў, у гэты гістарычны момант”.

Акаўнт Канферэнцыя біскупаў Венесуэлы ў Твітэры распаўсюджваў выявы біскупаў, якія прыйшлі суправаджаць мірныя дэманстрацыі. Сярод іх біскуп Луіс Энрыке Рохас, дапаможны біскуп Мерыды; Марыё Маронта, біскуп Сан-Крыстабальскі; Віктар Уга Басабе, біскуп Сан-Фэліпэ; Улісес Гут’ерэс, арцыбіскуп Сьюдад-Балівару.

Krynica.info

для друку для друку