Касцёл у Бразіліі мабілізаваўся супраць прастытуцыі

ne prastytucjiБуйным спартыўным мерапрыемствам з вялікай колькасцю заўзятараў і турыстаў нярэдка спадарожнічае феномен прастытуцыі. Сёлетняя Алімпіяда ў Рыа-дэ-Жанейра не з’яўляецца выключэннем.

Змагацца з гэтай ганебнай з’явай вырашылі бразільскія законнікі і законніцы. У супрацоўніцтве з Міжнароднай манаскай сеткай па барацьбе з гандлем людзьмі “Talitha Kum” і Міжнародным аб’яднаннем генеральных настаяцеляў імі праводзіцца кампанія пад назвай “Грай за жыццё”. Ініцыятыва не новая – аналагічная акцыя адбывалася ў гэтай паўднёваамерыканскай краіне два гады таму, падчас Чэмпіянату свету па футболе.

Кампанію праводзяць 26 груп, якія праз сродкі масавай камунікацыі, сацыяльныя сеткі, выступленні ў навучальных установах і вулічныя акцыі звяртаюць увагу грамадскасці на незаконнасць гандлю і эксплуатацыі людзей, заклікаюць грамадзян заяўляць у адпаведныя органы аб выпадках прастытуцыі, а ўлады быць больш строгімі да адказных за гэтае злачынства.

Паводле арганізатараў, гаворка ідзе пра жаданне “заняць пазіцыю супраць сілаў смерці” і “пацвердзіць сваю адказнасць за абарону жыцця”, асабліва тых, “чые правы парушаюцца і хто прыгнечаны цяжарам сучаснага рабства”, якое Папа Францішак назваў “язвай на целе чалавецтва”.

Падчас сёлетніх Летніх Алімпійскіх гульняў Касцёл у Бразіліі праводзіць таксама евангелізацыйныя і душпастырскія акцыі сярод заўзятараў і спартсменаў, у тым ліку на тэрыторыі Алімпійскай вёскі.

Ватыканскае радыё

для друку для друку