Касцёл у Беларусі развітаўся з арцыбіскупам Гуджэроці

nuncyj12 снежня 2015 года ў мінскім архікатэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Панны Марыі адбылася св. Імша на развітанне з арцыбiскупам Клаўдыё Гуджэроцi, былым Апостальскім нунцыем у Беларусі.

У архікатэдры сабраліся шматлікія вернікі, святары, кансэкраваныя асобы, увесь беларускі епіскапат, каб падзякаваць ватыканскаму іерарху за яго місію ў краіне. Працягвалася служэнне арцыбіскупа Гуджэроці тры з паловай гады і ў гэты час Касцёл у Беларусі атрымаў новы подых, дзякуючы прадстаўніку Святога Пасада, адзначыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

“Дастаткова сказаць, што ў нас было чатыры біскупы, а стала восем, дзякуючы ацыбіскупу Клаўдыё Гуджэроці. Таксама адносіны з дзяржавай, імідж краіны на міжнароднай арэне – гэта таксама быў яго клопат. Ён клапаціўся і аб зняволенных, аб вырашэнні іншых праблем, якія існуюць у нашым Касцёле і грамадстве. Я спатыкаюся з шматлікімі людзьмі: журналістамі, прадстаўнікамі ўлады, і ўсе яны высока ацэньваюць яго місію, і мы таксама. Вядома, Папа накіраваў арцыбіскупа Гуджэроці на вельмі складанае месца працы – ва Украіну, а мы ведаем, якое там становішча, але там таксама ёсць Касцёл, ёсць вернікі, аб якіх трэба клапаціцца, там таксама трэба развіваць міжканфесійныя адносіны, што вельмі важна ва Украіне. Можа сімвалічна, што мінскія пагадненні далі старт мірнаму вырашэнню крызіса, а арцыбіскуп Гуджэроці едзе з Мінска ў Кіеў”, — сказаў Мітрапаліт Кандрусевіч.

Усе, хто сабраўся ў архікатэдры сёння, дзякавалі не толькі таленавітаму дыпламату, але і самаадданаму пастыру. Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроці за час служэння пабываў ва ўсіх дыяцэзіях краіны, буйных і маленькіх парафіях, неаднойчы сустрэўся з кіраўніцтвам краіны, прадстаўнікамі Праваслаўнай Царквы, моладдзю, хворымі, людзьмі сталага ўзросту.

І сапраўды, як прызнаўся сам вытаканскі іерарх, Беларусь стала для яго другім домам. А на выклікі, якія стаяць перад ім на новым месцы служэння, ва Украіне, ёсць адзін адказ: “Малітва! Малітва! Тут, у Беларусі, я быў для таго, каб служыць. Мы працавалі разам, і гэта было для мяне цудоўна. Зараз я адчуваю смутак. А ўсё іншае – у руках Божых. Пакуль я нічога не бачыў і нічога не ведаю, але ўпэўнены ў адным – Бог ніколі не пакіне свой народ”.

Ад’язджае арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроці ў Кіеў ужо 15 снежня. Але сёння з іерархам не развітваліся, а казалі “Да пабачэння!”.

Ватыканскае радыё

для друку для друку