Касцёл святой Веранікі ў Селішчы: гісторыя і сучаснасць

seliszcza01Калі я ездзіла ў дзяцінстве да бабулі ў суседні Глыбоцкі раён, на шляху з Ушач да Івесі мяне заўсёды ўражваў будынак касцёла ў Селішчы. Ён быў велічны, падобны да вялікай белай птушкі, якая прысела адпачыць на ўзвышшы. Здавалася, што праз некалькі хвілін гэтая птушка ўзмахне крыламі і паляціць туды, дзе яе вельмі чакаюць. Касцёл тады быў не такі зруйнаваны.

“Што гэта за царква там была, чаму яна зруйнаваная так?” – пыталася я тады ў бацькоў. “Гэта былы касцёл, а знішчылі яго вайна і нядобрыя людзі” – адказвалі мне дарослыя. Нават разбураны, ён захапляў сваёй велічнасцю, бярог нейкую таямніцу былых падзей, якія там некалі адбываліся. Сапраўды, гістарычных падзей касцёл святой Веранікі зведаў нямала.

Душпастыры

Храм быў пабудаваны на беразе возера Янава ў 1726 г. дзякуючы айцу Францішку Андрушкевічу OFM на ахвяраваныя грошы Яна Язэпа Рагозы, Езафата Антонія Сялявы і яго жонкі Элеаноры для ксяндзоў-бернардзінцаў. Ордэн бернардзінцаў тут быў скасаваны ў 1832 г., а былы кляштар стаў плябаніяй пры касцёле.

Першым пробашчам пасля айцоў-бернардзінцаў быў кс. Пісарскі, пасля – кс. Більскі, кс. Язэп Стэцкевіч, кс. Рыла, кс. Яновіч, а апошнія 15 гадоў – кс. Валентыновіч. Дзейны і добры гаспадар, які шмат зрабіў для Селішча: адрамантаваў вялікую плябанію, пафарбаваў унутры і звонку вялізны касцёл. З добрым пачуццём густу была зроблена ўся рэстаўрацыя, так што не быў зменены стыль і характар святыні.

Падчас паўстання Кастуся Каліноўскага 1863-1864 гг. у селішчанскім касцёле не раз збіралася людзі, неабыякавыя да лёсу Бацькаўшчыны. Гэта былі ксяндзы, члены сям’і шляхціча Маліноўскага з Чарапоўшчыны. Яны абмяркоўвалі падрыхтоўку да паўстання, тут шылі вопратку для паўстанцаў, спявалі жалобныя песні. Да 1868 г. у Селішчы працавала парафіяльная школа і існавала каталіцкае таварыства дабрачыннасці.

seliszcza02

Хто належаў да парафіі ў Селішчы?

У мястэчку Селішчы жылі пераважна католікі. Парафія не была вельмі вялікай, бо частка людзей наведвала касцёл ва Ушачах, але налічвала 2100 асобаў, 10 двароў абшарніцкіх, шмат шляхты, сялян. Былі і чужынцы. Большасць парафіянаў займалася земляробствам, але немалая частка хадзіла на заробкі ўлетку. Шмат тут было муляроў і страхароў.

Селішчанскія парафіяне, пра што сведчаць гістарычныя дакументы, былі вельмі прывязаныя да касцёла. Раней тут практыкаваўся звычай хадзіць па дамах з батлейкай падчас Божага Нараджэння. Напрыклад, паны Маліноўскія на касцельныя святы рабілі для сваіх сялян падарункі, разам спажывалі вігілійную вячэру, спявалі адвэнтовыя песні. Амаль усе парафіяне ўмелі чытаць па-польску.

Арнаты са слуцкіх паясоў

Святыня ў Селішчы была вельмі прыгожай, з усіх старадаўніх гмахаў і кляштараў яна толькі адна захавалася. Касцёл узносіцца над двухпавярховым кляштарам, здалёк вабіць і ўражвае сваёй веліччу. Дзве зграбныя вежы нібы страляюць у неба. Касцёл вельмі высокі, а алтары, якіх было пяць, вызначаліся прыгожымі абразамі. Асабліва быў прыгожы алтар святога Антонія з анёлам, які топча д’ябла. Над галоўным алтаром некалі вісеў цудатворны абраз Маці Божай, што быў перавезены з кубліцкага касцёла. З успамінаў жыхаркі в. Рыбакі Ушацкага раёна: “Мне было 5 гадоў, як мяне ахрысцілі ў селішчанскім касцёле. Памятаю той абраз Маці Божай, увесь пакрыты срэбнымі шатамі. Яна глядзела на мяне быццам жывая, а я заплакала і адразу адчула палёгку на сэрцы. Кажуць, што гэты абраз не раз вылечваў людзей ад хваробаў”. Падчас Другой сусветнай вайны абраз вывезлі немцы ў Германію.

У касцёле была вельмі багатая закрыстыя, якая захоўвала не адну памятную рэч з іншых касцёлаў. Тут былі арнаты, шчодра вышываныя золатам і срэбрам, а таксама арнаты, пашытыя са слуцкіх паясоў. А за такі адзін пояс можна было купіць сядзібу і добрага каня. Звяртаў таксама на сябе ўвагу і старажытны барочны арган, якіх цяпер амаль не захавалася ў свеце. Тут шмат працавалі не толькі на рэлігійнай глебе, таксама многа было зроблена грамадскай працы. Касцёл святой Веранікі зруйнавалі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

seliszcza06

Сучаснасць

Пачынаючы з 1990-х гадоў, каталіцкія святары сталі прыязджаць у Селішчы і адпраўляць святую Імшу у хаце адной бабулі, дзе збіраліся парафіяне. Іх было няшмат, але затое якія былі адданыя людзі! Яны ведалі ўсе часткі святой Імшы, добра размаўлялі па-польску. А як жа хораша спявалі! Гэтыя, у асноўным старыя людзі былі прывучаныя любіць Бога і Касцёл, што было відаць па іх. Памятаю, як адна бабуля запрасіла ксяндза Ежы Майку, каторы тады працаваў ва Ушачах, на свой 85-ты год нараджэння. Як толькі ксёндз пераступіў парог, старая жанчына заплакала і кінулася цалаваць яму рукі: “А я ж думала вы не прыедзеце, не знойдзеце часу, а вы прыехалі, якую радасць вы прынеслі сваім візітам!”

Час не шкадуе нічога і нікога. Касцёл святой Веранікі ў Селішчы, на жаль, працягвае разбурацца. Некалі велічны храм ператварыўся ў вясковы сметнік з шыльдай “Гісторыка-культурная каштоўнасць РБ”.

seliszcza04

А калі ўвайсці ўнутр касцёла, то адразу адчуваеш плынь часу, з’яўляешся як бы сведкай тых падзей, якія тут некалі адбываліся, чуеш прыгожы спеў арганіста, бачыш урачысты хрост дзяцей, прысутнічаеш на Першай Камуніі, на вянчанні. А з абраза на цябе глядзіць сваімі мацярынскімі вачыма Божая Маці.

Наталля Мізярска, гісторык, тэкст
Марына Сінкевіч, фота

для друку для друку