Касцёл святой Барбары ў Віцебску перажыў чарговы рамонт

www.tammby.narod.ruУ гэтым годзе касцёл святой Барбары ў Віцебску перажыў сваю чарговую частку рамонту. Гэтая праца была фінансавана польскім міністэрствам культуры, а таксама польскай правінцыяй ордэну айцоў дамініканцаў.

Адбылася рэнавацыя цэглаў усходняй сцяны паўночнай нефы, а таксама паўночнай сцяны вежы.

Вернікі цешацца, што так значны не толькі для гораду, але і для дзяржавы помнік архітэктуры можа быць захаваны ў належным стане. Бо гэта не толькі гісторыка-культурная, але ў першую чаргу духоўная спадчына Віцебска.

Парафіяне маюць надзею, што ў наступным годзе рамонт святыні будзе працягнуты.

Касцёл св. Барбары пабудаваны з цэглы ў 1783 — 1785 гадах, грунтоўна перабудаваны ў 1884 — 1885 гадах. Часткова зруйнаваны ў Вялікую Айчынную вайну. Адрэстаўраваны ў 1990 — 1993 гадах. Помнік архітэктуры барока і неараманскага стылю.

Трохнефавая, двухвежавая базiлiка з чырвонай цэглы. Галоўны фасад вылучаюць дзве двух’ярусныя вежы, першы ярус чатырохгранны, другi – шасцігранны. Памiж вежамi размешчаны трохвугольны франтон на шырыню цэнтральнага нефа. У аздобе храма шырока выкарыстана дэкаратыўная цэгла: карнiзныя паяскi, геаметрычны малюнак у завяршэннi ярусаў вежы i iнш. Інтэр’ер трохнефавы, нефы перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі з распалубкамі.

Алеся Вайцяховіч

для друку для друку