Касцёл пра астралогію: не дайце сябе падмануць!

250x192-images-stories-n438-astroНабірае папулярнасці захапленне гараскопамі, якія, нібыта, павінны дакладна раскласці па паліцах жыццё, падказаць, з кім сябраваць, каго кахаць, як паводзіць сябе на працы, дома, ці варта ўступаць у шлюб бліжэйшым часам і г.д. Ці можа сапраўдны хрысціянін наіўна прызнаваць, што яго жыццё залежыць ад зорак ці іншых нябесных сіл, а не ад яго самога і Божага Провіду?

Астралогія ўжо не першы год з’яўляецца адным з найбольш распаўсюджаных элементаў сучаснай культуры. Паводле статыстыкі, 55% палякаў чытаюць гараскопы і 46% сцвярджаюць, што сур’ёзна ставяцца да той інфармацыі, якая там падаецца, кіруюцца ёй у сваім жыцці. У Расіі 52% насельніцтва цікавяцца прадказаннямі астролагаў. У Беларусі лічбы тых, хто захапляецца гараскопамі, прыкладна такія ж. А попыт, як кажуць, нараджае прапанову, таму большасць друкаваных выданняў пакідае на сваіх старонках месца для “парад зорак”, многія тэлеканалы і радыёстанцыі не шкадуюць эфірнага часу, каб распавесці, што чакае ў бліжэйшы час “стральцоў”, “блізнят”, “ільвоў” і г.д.

Адной нагой у пячоры 

Чаму ў XXI стагоддзі, калі навука і тэхналогіі дасягнулі высокага развіцця, гараскопы карыстаюцца такой папулярнасцю, што некаторыя людзі не ўяўляюць без іх свайго жыцця? Раней лічылася, што астралогію, нумералогію, рознага кшталту варажбу практыкуюць неадукаваныя людзі, якія такім чынам спрабуюць тлумачыць сабе тое, чаго не разумеюць. Сёння ж здараецца так, што чалавек, які мае вышэйшую адукацыю, а часам і не адну, пачынае свой тыдзень “чытвом”, дзе зоркі яму нешта прадказваюць і прапануюць. Вельмі слушна пра гэты парадокс сказаў доктар Рафал Вішнеўскі, сацыёлаг з універсітэта кардынала Стэфана Вышынскага: “Чалавек XXI стагоддзя адной нагой стаіць на Месяцы, а другую ўсё яшчэ трымае ў пячоры. Вядома, людзі, якія звяртаюцца да гараскопаў, сцвярджаюць, што не трактуюць іх сур’ёзна, бо адносяць сябе да людзей рэлігійных. Але чаму ж многія з іх тады вешаюць каля крыжа падкову на шчасце, чаму чытаюць Евангелле, а пасля гараскоп на бліжэйшы тыдзень?”. Д-р Вішнеўскі тлумачыць, у чым крыецца феномен папулярнасці астралагічных прагнозаў. Навукоўцы называюць яго “эфектам гараскопа” ці “эфектам Барнума”. Ён заключаецца ў тым, што некаторым людзям падаюцца трапнымі апісанні іх уласнай асабовасці, а на самой справе гэта агульныя характарыстыкі, якія ўласцівы вялікай групе людзей. І чым больш абагулена падаецца інфармацыя ў гараскопах, тым больш людзей успрымае яе як праўдзівую.

Часам здараюцца сітуацыі, калі асоба, якая верыць у гараскопы, пачынае такім чынам будаваць сваё жыццё, так перайначваць свае дзеянні, каб адпавядаць таму, што напісана ў прагнозе астролага. Аднак самае смешнае, як зазначае Вішнеўскі, што інфармацыя, якая пададзена ў гараскопах, з большага не мае нічога агульнага з зоркамі, планетамі, нейкімі астралагічнымі вылічэннямі, а банальна залежыць ад настрою і гумару журналіста, які адказвае за гэтую тэму ў рэдакцыі.

Чаму Касцёл асуджае гараскопы? 

“Немагчыма суаднесці з каталіцкай верай спадзяванне на тое, што лёс чалавека залежыць ад зорак або ад іншых нябесных сіл. Гараскопы проста спекулююць на чалавечай цікаўнасці, на жаданні даведацца аб тым, што чакае ў будучыні, – зазначыў у адным са сваіх пастарскіх лістоў кс. бп Аляксандр Кашкевіч. – Часта вера ў гараскопы становіцца падмуркам для новага язычніцкага руху, вызнаўцы якога гавораць пра касмічную энергію, практыкуюць варажбу, выклікаюць духаў. Яны вераць у перасяленне душ і іншыя рэчы, якія супярэчаць хрысціянскай веры. Гэты рух, які называюць яшчэ светапоглядам «новага веку», з’яўляецца мешанінай будызму, індуізму і прымітыўнага язычніцтва. Яго паслядоўнікі часта выкарыстоўваюць хрысціянскія паняцці, надаючы ім іншы сэнс. Такая дактрына, якая настойліва прапагандуецца некаторымі сродкамі масавай інфармацыі, пярэчыць вучэнню Касцёла”, – падкрэсліў іерарх.

Напэўна, цяжка будзе спрачацца з выказваннем, што кожны, хто чытае гараскопы і ў іх верыць, лічыць Хрыста падманшчыкам, і наадварот, кожны, хто лічыць, што Езус – гэта Праўда, будзе адносіцца да гараскопаў як да хлусні. Чаму? Паводле Евангелля, нават валасы на нашай галаве ўжо палічаныя, і нічога без волі Айца не можа з намі здарыцца, таму альбо веру ў Божы Провід, у тое, што праз малітву і працу над сабой магу выпрасіць для сябе і іншых патрэбныя ласкі, альбо веру ў тое, што Пан тут увогуле ні пры чым, а будучыня залежыць выключна ад таго, як сышліся зоркі. Адно з другім не мае нічога агульнага, таму вера ў гараскопы – гэта злачынства супраць веры ў Бога. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла асуджае астралогію, падкрэсліваючы, што яна супярэчыць веры ў абсалютнае панаванне Бога над нашым жыццём. “Зварот да гараскопаў, астралогіі, хірамантыі, тлумачэння знакаў і лёсаў, феномена прадбачання, зварот да медыумаў хаваюць за сабой жаданне атрымаць уладу над часам, над гісторыяй, і ў канчатковым рахунку над чалавекам, і адначасова імкненне зрабіць блізкімі сабе нейкія акультныя сілы”, – гаворыцца ў Катэхізісе. Адначасова адзначаецца, што “Бог можа адкрыць будучыню сваім прарокам ці іншым святым. Тым не менш, справядлівыя хрысціянскія паво-дзіны заключаюцца ў тым, каб з даверам аддаваць сябе ў рукі Провіду ў тым, што тычыцца будучыні, і адмовіцца ад усялякай нездаровай цікаўнасці з гэтай нагоды”.

Не зоркі кіруюць светам, але добры Бог, які ўсё стварыў і паслаў свайго Сына, каб збавіў свет. I тое, што мы павінны ведаць пра будучыню свету і чалавецтва, Бог аб’явіў нам праз свайго Сына Езуса. Ці шмат Хрыстос нам сказаў пра гэта? Нямнога і нямала – а роўна столькі, колькі нам неабходна ведаць. А калі Цябе, дарагі Чытач, нехта запытае, пад якім знакам задыяку Ты нарадзіўся, не прамаўляй доўгіх натацый на гэтую тэму, а проста скажы: “Пад знакам Крыжа. А ты?”

Паводле slowo.grodnensis.by

для друку для друку