Касцёл на Кубе. Аповед місіянера

Пробашч з Талачына айцец Станіслаў Скрыдалевіч SAC нядаўна вярнуўся з Кубы, дзе амаль два гады быў місіянерам у мясцовых парафіях. У сённяшнім нумары “Каталіцкага Весніка” святар дзеліцца сваімі ўражаннямі і распавядае пра сваё служэнне.

– Айцец Станіслаў, распавядзіце, як і калі Вы патрапілі на далёкую Кубу?

– 11 студзеня 2016 года распачалося нашае падарожжа на Кубу. Перад тым як паехаць туды, я праходзіў трохмесячную падрыхтоўку ў Іспаніі, дзе была магчымасць паўдзельнічаць у моўных курсах. Увогуле мы былі першымі палатынцамі, што паляцелі туды як місіянеры. Мы былі ўдвух: я і айцец Лукаш з Польшчы. Да сабратоў-палатынцаў быў напісаны ліст-заклік ад правінцыяла аб адкрыцці новай парафіі на Кубе. Я напісаў просьбу. Так туды і патрапіў. Некалькі месяцаў на Кубе мы з а. Лукашам жылі асобна, каб удасканаліць мову. А потым атрымалі сваю парафію ў Гаванскай дыяцэзіі.

– Што Вас асабіста найбольш кранула і ўразіла?

– На Кубе ўражвае шмат рэчаў. Гэта зусім іншы край. Там вельмі бачны кантраст і існуе вялікая розніца ў тым, як жывуць людзі. Камунізм, які імкнуўся да роўнасці і да таго, каб усе жылі аднолькава, не дасягнуў сваёй мэты. Таму зараз нехта мае вельмі шмат, а хтосьці нічога не мае, хтосьці ездзіць на кані, а нехта на вельмі дарагім аўтамабілі. І гэта першае і асноўнае, што кідаецца ў вочы – бедната людзей, каторыя жывуць толькі сённяшнім днём. Аднак хочацца сказаць, што кубінцы, нягледзячы, напрыклад, на беднасць, заўсёды радуюцца таму, што маюць.

– А як выглядае справа з Касцёлам на Кубе?

– Калі казаць пра каталіцтва, то там яскрава бачны ўплыў іспанскай традыцыі. Вялікае значэнне маюць розныя святыя, фігуркі, а асабліва працэсіі. Калі ў парафіі адпусты, то працэсіі абавязкова павінны быць. І нават свята Вялікадня можа праходзіць не так урачыста, як нейкая працэсія. У касцёле няшмат вернікаў, моладзі. Камунізм на Кубе вельмі моцна знішчыў каталіцкую веру. Зрэшты, калі ў кубінцаў запытацца, то яны амаль усе вернікі, аднак веру сваю не практыкуюць.

– Якой была парафія, дзе Вы служылі?

а. Станіслаў і а. Лукаш з міністрантамі

– Мы жылі ў мясцовасці Манагуа. І з трох-чатырох тысяч жыхароў у касцёл у нядзелю прыходзіла толькі 20-30 чалавек. Вельмі важнай для ўсіх мясцовых жыхароў была малітва за памерлых. Яна адбывалася ў буднія дні. І тады часам было больш людзей у касцёле, чым у нядзелю. Некаторыя з тых, што прыходзілі на гэтую малітву, можа, нават і не былі ахрышчаныя. Тады ж прыходзілі таксама і прадстаўнікі язычніцкага культу “сантэрыя”, што злучае ў сабе элементы каталіцызму і вераванні афрыканскіх народаў.

Вельмі цяжка было прывесці ў касцёл моладзь. Дзеці прыходзілі часцей, але можа, таму, што можна было пагуляць з намі ў мяч або з’есці нешта смачнае. Аднак праз некаторы час гэтыя дзеці таксама прападаюць з парафій. Большасць нашых парафіян – гэта людзі, старэйшыя за 65 гадоў. І тут хочацца сказаць, што знішчыць усё вельмі лёгка, так як гэта зрабіў камунізм на Кубе. Але каб аднавіць, патрэбна шмат часу. Таму там вельмі неабходная новая евангелізацыя.

Акрамя Манагуа, мы працавалі таксама яшчэ ў некалькіх вёсках.

– А якое стаўленне вернікаў было да Вас як да місіянераў?

– Нашы парафіяне былі вельмі добразычлівымі ў адносінах да нас, нават нягледзячы на тое, што камунізм заўсёды паказваў святара ў дрэнным вобразе. Яны заўжды былі ўдзячныя нам. Некаторыя дзякавалі нават пасля кожнай святой Імшы за тое, што мы тут служым і згадзіліся прыехаць. Дзякавалі таксама не толькі парафіяне, але і мясцовыя святары. Бо пакліканняў там вельмі мала. На Кубе ёсць адзінаццаць дыяцэзій і адна семінарыя, дзе навучаецца прыкладна 20-30 чалавек. Таму ў апошні час сюды прыязджае шмат місіянераў.

З парафіянамі

Увогуле да нас ставіліся вельмі добра, людзі былі шчырыя і адкрытыя. Калі нас запрашалі ў госці, то казалі: “Вось твой дом”. А як мы выходзілі, гаварылі: “Ведаеш, дзе твой дом”. Гэта не былі пустыя словы. І нават калі самі людзі былі беднымі, то гатовыя былі падзяліцца тым, што маюць. Такое стаўленне надавала сіл.

– Чаму Вы навучыліся, прабываючы на Кубе?

– Сустрэча з рознымі людзьмі дапамагае быць адкрытым на іншых. Мы як місіянеры павінны былі дастасавацца да кубінскай культуры, традыцый, а не яны да нас. Гэта таксама быў добры час, каб паглядзець на сябе з іншага боку і адарвацца ад усяго, што мелі ў Беларусі. Напрыклад, там не было магчымасці карыстацца інтэрнэтам усе 24 гадзіны. Першы год для таго, каб напісаць камусьці электронны ліст, трэба было ехаць за чатырнаццаць кіламетраў і купляць спецыяльную картку на пэўны час. Але пазней у нашай вёсцы ўжо зрабілі інтэрнэт у парку каля касцёла. Прабываючы на Кубе, я навучыўся быць больш пакорным і простым.

Гутарыла Ірына Радзевіч

для друку для друку