Касцёл Маці Божай Фацімскай у Баранавічах стане дыяцэзіяльным санктуарыем

13 мая ў Пінскай дыяцэзіі ў сотую гадавіну фацімскіх аб’яўленняў Маці Божай будзе абвешчаны яшчэ адзін санктуарый — Маці Божай Фацімскай, паведамляе catholic.by.

Пра гэта сказана ў паведамленні біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі, якое будзе зачытана вернікам Пінскай дыяцэзіі 7 мая.

«У гісторыі паўсюднага Касцёла санктуарыі заўсёды звязаны з навяртаннем і паяднаннем, малітвай і пакаяннем. Гэтыя духоўныя практыкі набіраюць асаблівае значэнне ў святле паслання Марыі з Фацімы, — адзначае іерарх. — Устанаўленне Дыяцэзіяльнага санктуарыя Маці Божай Фацімскай у Баранавічах у 100-ю гадавіну аб’яўленняў — адмысловы знак і сведчанне жывой веры і марыйнай пабожнасці на нашай зямлі».

«Няхай гэтае святое месца жыве і развіваецца на хвалу Бога. Няхай будзе прасторай асаблівай сустрэчы чалавека з Богам, дадзенай нашай дыяцэзіі. На пілігрымаванне да новага санктуарыя з сэрца благаслаўляю», — сказаў біскуп Антоні Дзям’янка.

 

для друку для друку