«Каштоўны камень Касцёла, адкрыты праз 300 гадоў»: размова з доктарам тэалогіі пра духоўнасць а. Станіслава Папчынскага

papczynskiРазмова з а. Міхалам Козакам МІС, доктарам тэалогіі, дырэктарам рэкалекцыйнага дома “Бэтлеем” у Сулеюфку (Польшча), рэкалекцыяністам і спаведніком, членам кіруючай рады Польскай Правінцыі Кангрэгацыі Айцоў Марыянаў, пра духоўнасць а. Станіслава Папчынскага і яе актуальнасць у наш час.

Люцына Слуп: Кажуць, што святыя маюць свой “характар”…

А. Міхал Козак МІС: Напэўна, існуе нешта, што можна назваць “духоўным характарам”. І калі так паглядзім на а. Станіслава, то заўважым, што ён быў “горцам, перамененым ласкай”, – адзначаўся рашучасцю, прывязанасцю да рэалій жыцця, упартасцю ў добрым сэнсе… Да гэтага “духоўнага профілю” варта далучыць небывалае замілаванне законным жыццём. У кожны момант свайго існавання а. Станіслаў бачыў сябе толькі і выключна законнікам: спачатку ў законе Піяраў, а пазней у заснаваным ім законе Марыянаў.

— Калі ў 2007 годзе а. Станіслаў Папчынскі быў беатыфікаваны, многія задавалі пытанне: чаму Заснавальнік Марыянаў “чакаў” так доўга? Сёння гэта пытанне яшчэ больш актуальнае. Навошта было чакаць 300 гадоў, каб святасць а. Папчынскага была прызнана Касцёлам?

— Прычыны можна шукаць у гістарычных завірухах. Шмат разоў наша Кангрэгацыя змагалася за выжыванне, а тады ўсе іншыя справы адыходзяць на другі план. Аднак мне здаецца, што адказ трэба шукаць не там. Давайце ўявім кананізацыю праз такі вобраз: Бог сягае ў сваю скарбніцу, у нашым выпадку дастаткова глыбока, і кажа: “Паглядзіце, гэта мой каштоўны камень! Вось цудоўны чалавек, які жыў больш за 300 год таму, але сёння ніхто вам так не патрэбны, як ён!” Пытанне пра час чакання – гэта пытанне пра Божае “сёння” кананізацыі. Адказ схаваны ў сэрцы самога святога, у ранах і балячках сучаснага чалавека і Касцёла, а таксама ў тым, што нас чакае.

— Як вы можаце акрэсліць асноўныя лініі духоўнасці а. Папчынскага?

— Фундаментальная лінія яго духоўнасці – таямніца Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Было штосьці вельмі глыбокае ў яго сэрцы. Айцец Станіслаў не пісаў тэалагічныя трактаты на гэту тэму. Але тым не менш таямніца Беззаганнага Зачацця напаўняла яго жыццё і служэнне. Чалавек, свабодны, каб любіць Бога ўсёй сваёй істотай, поўнасцю адданы Хрысту, напоўнены ласкай Божай настолькі, што можа заняць прадвызначанае месца ў гісторыі збаўлення, – так бачыў Марыю, такім прагнуў быць і ў тым хацеў дапамагчы іншым.

Малітва за памерлых – гэта другі элемент яго духоўнасці. На маю думку, гэта найперш адлюстраванне патрэбы часу, у які жыў а. Станіслаў. Ён бачыў, як шмат людзей памірала на вайне і ад хвароб. Да гэтай малітвы яго кіраваў сам Бог, бо адарыў а. Станіслава візіямі цярпенняў душ у чыстцы. Гэта было вялікае ўзрушэнне, на якое а. Станіслаў адказаў так, як звычайна адказваюць святыя, – заступніцкай малітвай.

Духоўнасць а. Станіслава праходзіць праз два вузлавыя моманты жыцця чалавека, агорнутыя Божай ласкай, – нараджэнне і смерць. Сучасныя людзі згубіліся менавіта ў гэтых пытаннях, таму нам так патрэбна сведчанне а. Станіслава. Яго кананізацыю Бог дае не для таго, каб у нашым малітоўніку дабавілася некалькі новых малітваў. Думаю, Бог хоча нам сказаць, што чалавек прыходзіць на гэты свет, як бы выплываючы з Яго любові і ласкі, – менавіта яго Бог хацеў, выбраў, адарыў. І чалавек павінен вярнуцца з гэтага свету ў любоў, свабодны ад даўгоў і віны, здольны, дзякуючы ласцы Бога, жыць і любіць навекі.

— А. Міхал, ці можаце развіць гэтую думку? Што на практыцы для сучаснага чалавека азначае таямніца Беззаганнага Зачацця і заахвочванне маліцца за памерлых?

— Беззаганнае Зачацце азначае, што любоў Бога большая і мацнейшая, чым сілы зла і людскі грэх. Гэта вялікі знак надзеі для тых, хто ў змаганні з грахом трапляе ў сумненні і неахвоту. Месца Маці Божай у гісторыі збаўлення выключнае, але і мы маем сваё месца. Любоў Бога, Яго ласка і дары прысутнічалі пры зачацці кожнага з нас. Таямніца Беззаганнага Зачацця можа шмат расказаць пра тое, адкуль мы прыйшлі, а малітва за памерлых – пра тое, куды ідзём. Сёння чалавек жыве, павярнуўшыся да смерці спінай, і не толькі да смерці, але часта і да ўсяго, што знаходзіцца па-за гарызонтам, акрэсленым паміраннем. Малітва за памерлых грунтуецца на веры, што апошнім прызначэннем чалавека з’яўляецца неба. Гэта малітва таксама ёсць асаблівым выразам любові да тых слабых, якія перажываюць пераломны момант свайго жыцця. Чалавек без гісторыі і без будучыні – гэта калека, які згубіў сваю тоеснасць. Дзве галоўныя рысы духоўнасці а. Станіслава вяртаюць нам такую духоўную тоеснасць. Кожны з нас падобны да дрэва, якое расце прама, калі карані мае ў ласцы Хрыстовага ўваскрасення, а крону – у доме Айца.

— Кангрэгацыя Айцоў Марыянаў – гэта адзіная законная супольнасць, мэтай якой з’яўляецца пашырэнне культу Беззаганнага Зачацця Маці Божай?

— Паняцце “Беззаганнае Зачацце” альбо асобу Беззаганнай у сваёй назве маюць некалькі законаў, аднак толькі Марыяне асаблівым чынам пакліканы пашыраць гэтую таямніцу ў Касцёле. Здаецца, таямніца Беззаганнага Зачацця Маці Божай яшчэ недастаткова раскрыта як ключ да зразумення сутнасці хрысціянства і адкрыцця сапраўднага вобраза Бога, Яго любові і міласэрнасці. Для Марыянаў менавіта гэта таямніца з’яўляецца сілай, радасцю і надзеяй, ёй мы павінны жыць і ёй узбагачаць Касцёл у сваім служэнні.

obraz MB

Абраз Маці Божай, апякункі Кангрэгацыі Заснаванай Айцом Станіславам Папчынскім і адноўленай бл. бп. Юрыем Матулевічам

— Як сёння праяўляецца спроба спалучыць дзве рысы духоўнасці а. Станіслава Папчынскага – культ Беззаганнага Зачацця і малітву за памерлых?

— Перш за ўсё гэта абвяшчэнне Евангелля пра любоў і міласэрнасць Бога, а таксама ўчынкі міласэрнасці для жывых і памерлых. Мы спрабуем адкрыць прысутнасць Бога ў памежных момантах жыцця – у нараджэнні і смерці. Айца Станіслава можна назваць апекуном жыцця, беручы пад увагу хоць бы цуд уваскрасення дачкі ўладальніцы маёнтка Цэдравіцэ, які здарыўся пры яго жыцці, або цуд уваскрасення мёртвага дзіцяці ва ўлонні маці, які папярэднічаў беатыфікацыі. Мы працягваем гэтае пасланне між іншым і працай у Ліхэні: вакол базілікі нарадзілася ўжо шмат ініцыятыў, якія служаць жыццю і свабодзе чалавека. Там існуе Цэнтр дапамогі сем’ям і асобам у залежнасці, пры Цэнтры створана Кансультацыя напротэхналогіі. Таксама дзейнічае хоспіс, а гэта значыць, што мы спадарожнічаем церпячым, застаёмся з чалавекам да канца яго жыцця. Я думаю, што таксама існуе шмат асабістых інтэрпрэтацый таямніцы Беззаганнага Зачацця, спосабаў прымянення яе ў жыцці і малітвы за памерлых. Маю надзею, што іх столькі, колькі на свеце Марыянаў.

— Айцец Станіслаў хутка будзе абвешчаны святым паўсюднага Касцёла… Як ён разумеў святасць?

— Наш Заснавальнік вельмі добра акрэсліў яе ў акце ахвяравання, у якім склаў Богу “абяцанне крыві”. Варта ўспомніць гэтыя словы: “Ахвярую і прысвячаю Богу Айцу Усемагутнаму, Сыну і Духу, і Багародзіцы заўсёды Дзеве Марыі Беззаганна Зачатай маё сэрца, маю душу, розум, памяць і волю, пачуцці, усё разуменне, усю памяць, увесь дух, пачуцці ўнутраныя, знешнія і маё цела, абсалютна нічога сабе не пакідаючы, каб ад гэтай хвіліны такім чынам я быў слугой Бога і Панны Марыі”. Гэтыя словы паказваюць, наколькі а. Станіслаў быў прасякнуты ласкай. Нічога сабе не пакідаў, нават пра заснаваную Кангрэгацыю казаў: “Маленькая Кангрэгацыя Найсвяцейшай Марыі Панны”. Увесь цалкам ператварыўся ў дар.

— Айцец Станіслаў – гэта чалавек, які змагаўся са шматлікімі супярэчнасцямі. Ці можа ён быць апекуном у сучаснай няпростай веры?

— Няма лёгкай веры… А вяртаючыся да Заснавальніка – час, у якім ён жыў, быў незвычайна цяжкі. Вера для яго была абсалютным даверам. Кожны заснавальнік законнай супольнасці пратоптвае сцежку, па якой яшчэ ніхто не хадзіў. Зразумела, што калі ідзеш у невядомае, то пытанняў трошкі больш, чым тады, калі ідзеш вядомым шляхам. Такі шлях патрабуе ахвяравання ўсяго жыцця, рызыкі ўсім сабой, і а. Станіслаў рабіў менавіта так.

— Папа Бэнэдыкт ХVІ у прывітанні ўдзельнікам беатыфікацыі а. Станіслава ў 2007 годзе ў Ліхэні між іншым назваў яго “бацькам убогіх”. Чаму Папа ўспомніў менавіта гэтую рысу?

— Успомніў, бо а. Станіслаў такім быў. Клопат пра ўбогіх і сацыяльная актыўнасць – гэта хіба што найменш вядомая частка дзейнасці нашага святога. Станіслаў Папчынскі напісаў падручнік для студэнтаў рыторыкі, у якім выказваўся супраць практыкі liberum veto і выкарыстання сялян. Некаторыя прамовы з гэтай кнігі падпалі пад цэнзуру! Час быў такі, што кожны, хто выказваўся супраць прывілеяў шляхты, трапляў пад удар. Айцец Станіслаў так рабіў. Казаў, напрыклад: “Ты корміш зграю сабак, а твае слугі галадаюць”. Або: “Мужы патрэбныя Рэчы Паспалітай, а не гультаі”, – гэтае выказванне і сёння актуальнае.

Айцец Станіслаў вельмі клапаціўся пра простых людзей, прамаўляў да іх казанні, спавядаў, збудаваў дом для убогіх і хворых. У сваю Кангрэгацыю прымаў мужчын і хлопцаў нізкага паходжання. Тады нават існавала насмешлівае выказванне: “Станіслаў у белым мяшку, правадыр бедных парабкаў”.

Паводле “Z Niepokalaną”, Lato 2 (86) 2016

для друку для друку