Касцёл Італіі прымае меры супраць каронавіруса

У сувязі з выяўленнем у Італіі выпадкаў каронавіруса, дзве дыяцэзіі прынялі першыя меры, каб знізіць рызыку заражэння – Міланская архідыяцэзія і суседняя дыяцэзія Лодзі.

Біскупская курыя першай касцёльнай адзінкі загадала ўдзяляць св. Камунію толькі на руку. У касцёлах дзесяці мястэчак дыяцэзіі Лодзі спынілі набажэнствы, бо дзяржаўныя ўлады ў якасці меры бяспекі загадалі жыхарам заставацца дома.

Старшыня Канферэнцыі Біскупаў Італіі, кардынал Гуалцьера Басэці запэўніў, што Касцёл знаходзіцца ў пастаянным кантакце з Міністэрствам аховы здароўя. “Калі гэта паспрыяе здароўю нашых грамадзян, мы гатовыя пайсці на некаторыя ахвяры”, — сказаў іерарх. Ён таксама нагадаў, што, безумоўна, варта захоўваць звычайныя правілы гігіены.

У Ватыкане не абвешчаны нейкія асаблівыя меры. Пілігрымы і турысты наведваюць базіліку св. Пятра, Ватыканскія музеі, удзельнічаюць у агульных аўдыенцыях з Папам Рымскім.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку