- Каталіцкі Веснік - http://catholicnews.by -

“Карытас” – значыць Любоў. Як працуе Caritas на Віцебшчыне

[1]У трэцюю нядзелю Вялікага посту ў парафіях Віцебшчыны збіраюцца ахвяраванні на Дабрачыннае каталіцкае таварыства “Карытас” Віцебскай дыяцэзіі.

Арганізацыя Caritas, назва якой перакладаецца як “міласэрная любоў”, існуе ва ўсім каталіцкім свеце, а “Карытас” Віцебскай дыяцэзіі дзейнічае ўжо 19 гадоў. “Карытас” нясе дапамогу тым людзям, хто найбольш яе патрабуе, нягледзячы на расавую, нацыянальную ці рэлігійную прыналежнасць. Супрацоўнікі і валанцёры ў сваёй дзейнасці рэалізуюць наказ Хрыста любіць адно аднаго і быць міласэрнымі, як наш Бог.

Чым жа займаецца гэтая арганізацыя і навошта ёй патрэбныя ахвяраванні? Мы вырашылі пазнаёміць шаноўных чытачоў з асноўнымі напрамкамі дзейнасці “Карытас” на Віцебшчыне.

Цэнтр дзённага прабывання для людзей з інваліднасцю дзейнічае ў Віцебску пры “Карытас” Віцебскай дыяцэзіі з 2003 года. Кожны дзень, акрамя выхадных, маладыя людзі з інваліднасцю прыходзяць у цэнтр займацца рукадзеллем, творчасцю, музыкай, працаваць на кампутары, пячы пірагі ды і проста сустрэцца разам за кубачкам гарбаты. З дапамогай валанцёраў у цэнтры ладзяцца святы, арганізуюцца вандроўкі і экскурсіі. Падобныя асяродкі дзейнічаюць і пры парафіяльных арганізацыях “Карытас” у Мёрах і Глыбокім. На цяперашні момант цэнтры наведвае больш за 60 чалавек з інваліднасцю.

Студыя інклюзіўнага танца ІМПЭТ. Ужо больш за два гады пры “Карытас” Віцебскай дыяцэзіі дзейнічае студыя інклюзіўнага танца. Яна аб’ядноўвае аматараў танца з інваліднасцю і без яе, на вазках і на нагах, маленькіх і вялікіх, якія танцуюць на роўных. Танцоры ахвотна прымаюць удзел у канцэртах і выступах. У 2017 годзе інклюзіўная танцавальная пара Крысціна і Валерый заняла трэцяе месца на міжнародным анлайн-конкурсе інклюзіўных калектываў InZoom у Маскве, затым яны сталі фіналістамі Міжнароднага дабрачыннага танцавальнага фестывалю “Вялікі кубак Inclusive dance” ў Маскве, а ў 2018 годзе там жа ўзялі спецыяльны кубак “За выканальніцкае майстэрства”. На дадзены момант у студыі займаюцца 5 чалавек на вазку і 21 чалавек “на ножках”.

[2]

Танец Крысціны і Валерыя «Недасяжнае каханне» на фестывалі Inclusive Dance

Сустрэчы для самотных і састарэлых асобаў “Другое дыханне”. Ужо другі год раз на месяц у сядзібе “Карытас” у Віцебску адбываюцца сустрэчы для самотных і састарэлых асобаў. Праводзіць іх дырэктар “Карытас” кс. Андрэй Аніскевіч, а таксама запрошаныя госці: лекары, юрысты, духоўныя асобы. Удзельнікі абмяркоўваюць цікавыя пытанні, дзеляцца жыццёвым вопытам, спяваюць, чытаюць вершы.

Дапамога тым, хто ў патрэбе. “Карытас-Віцебск” сумесна з еўрапейскім партнёрам “Карытас-Лінц” нясе тым, хто мае патрэбу, дапамогу ў выглядзе прадуктаў харчавання, адзення, абутку, дроваў. За 2018 год на гэтыя мэты было вылучана 15 224 бел. руб. Акрамя таго, 3600 бел. руб. выдаткавана на харчаванне малазабяспечаных асобаў на працягу трох месяцаў у сталовай г. Віцебска. Ад пачатку 2019 года 943 сям’і з Віцебскай дыяцэзіі атрымалі дапамогу на суму 22 370 бел. руб.

[3]

Шматдзетная сям’я атрымала дровы для ацяплення дому

Харчовая дапамога для Віцебскага гарадскога цэнтра часовага (начнога) знаходжання бяздомных асоб. “Карытас-Віцебск” рэгулярна закупляе прадукты харчавання (крупы, муку, цукар, кансервы, алей, макароны, печыва, гарбату і інш.), з якіх гатуюць сабе ежу людзі, што страцілі дах над галавой. На Вялікдзень і Божае Нараджэнне яны атрымліваюць ад “Карытас” падарункі.

Закупка сельскагаспадарчых жывёл для падтрымкі вясковых жыхароў. Новы праект “Карытас” накіраваны на падтрымку гаспадарак малазабяспечаных, шматдзетных сем’яў. “Карытас” купіў і перадаў для далейшай гадоўлі 15 бычкоў і цялушак, 40 парсючкоў, 950 курэй на суму 20 442 тыс. руб.

Дапамога дзецям разам з “Карытас-Прага”. Дзеці са шматдзетных, малазабяспечаных сем’яў і сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей з інваліднасцю, два разы на год атрымліваюць фінансавую дапамогу для набыцця адзення, абутку, школьных прыладаў ці аплаты навучання ад дабрачынцаў “Карытас-Прага”. Для дзяцей таксама арганізоўваюцца святочныя мерапрыемствы і экскурсіі ў Чэхію. У праекце прымае ўдзел каля 400 дзяцей і іх сем’яў.

[4]

Дзеці на экскурсіі ў Празе

Дапамога анкалагічна хворым дзецям. Пачынаючы з 2005 года, “Карытас” набывае імунна-пратэктарныя лекі для дзяцей, якія хварэюць на рак. У 2018 годзе было закупена лекаў на суму 10 670 бел. руб. Для іх таксама арганізуюцца святы ў Дзень абароны дзіцяці, уручаюцца падарункі на Божае Нараджэнне.

Інтэграцыйныя святліцы для дзяцей. У 2018 годзе пры падтрымцы “Карытас” Польшча і праграмы “Польская дапамога” віцебскі “Карытас” адрамантаваў і адкрыў інтэграцыйныя святліцы для дзяцей пры парафіях у Лепелі і Мёрах. Таксама ўжо 12 гадоў дзейнічае святліца пры парафіі ў Лынтупах, якую падтрымлівае “Карытас” разам з замежнымі партнёрамі: Renovabis i Kindermission. У святліцах адбываюцца заняткі па катэхезе, кулінарыі, творчыя майстэрні. Дзеці і моладзь разам з выхавальнікамі рыхтуюць хатнія заданні, гуляюць, ладзяць святы. У гэтым навучальным годзе святліцы наведвае каля 130 дзяцей.

Дапамога дзецям з каталіцкіх парафій Віцебскай дыяцэзіі. “Карытас-Віцебск” рэалізуе некалькі праектаў для дзяцей з каталіцкіх парафій нашай дыяцэзіі:

Кансультацыі каталіцкага псіхолага. Па ініцыятыве віцебскага “Карытас” псіхолаг сп. Марына Ткач чатыры разы ў месяц праводзіць бясплатныя сустрэчы і кансультацыі па сямейных пытаннях у сядзібе “Карытас”, а таксама ў розных парафіях нашай дыяцэзіі.

Дапамога парафіям і дзяржаўным сацыяльным установам Віцебскай вобласці. За апошнія некалькі гадоў пры дапамозе “Карытас” былі рэалізаваныя наступныя праекты:

Акрамя галоўнай сядзібы “Карытас” у Віцебску, пры васьмі парафіях Віцебскай дыяцэзіі існуюць парафіяльныя арганізацыі “Карытас”: Святой Тройцы ў Глыбокім, Св. Андрэя ў Лынтупах, Св. Казіміра ў Лепелі, Перамянення Пана ў Чашніках, Сэрца Марыі ў Оршы, Унебаўшэсця НПМ у Мёрах, Нараджэння Маці Божай у Браславе, Езуса Міласэрнага ў Паставах.

Валанцёрскі рух “Карытас-Віцебск”. Дабрачынная праца не была б магчымая без валанцёраў. Гэта людзі рознага ўзросту, прафесіі і веравызнання, якія ахвяруюць свой час, здольнасці і адкрытае сэрца бліжнім. На дадзены момант у Віцебску ёсць 28 пастаянных валанцёраў “Карытас”, якія:

Валанцёры дзейнічаюць таксама і пры парафіяльных арганізацыях “Карытас”, працуючы з дзецьмі, людзьмі з інваліднасцю, несучы дапамогу тым, хто мае патрэбу, на тэрыторыі ўсёй парафіі.

Валанцёры з Глыбокага ўжо шмат гадоў арганізуюць фестываль “Мы разам!”, які збірае маладых людзей з інваліднасцю з усёй Віцебшчыны.

Наш адрас: вул. Чкалава 52, к. 1, г. Віцебск 210041; тэл. +375 212 618822, + 375 29 8369993, e-mail: caritas.vitebsk@mail.ru

Далучайцеся да групы УКантакце [5], каб сачыць за навінамі “Карытас”!

с. Дар’я Галубкова OV, тэкст;
здымкі з архіва Caritas Віцебскай дыяцэзіі