«Карытас» распачаў акцыю “Калядная дапамога дзецям”

Разам з перыядам радаснага чакання Збаўцы распачалася традыцыйная для «Карытас» акцыя “Калядная дапамога дзецям”.

Штогод для гэтай акцыі Дабрачыннае каталіцкае таварыства «Карытас» рыхтуе адмысловыя свечкі. Гэтыя свечкі распаўсюджваюцца праз касцёлы напрацягу ўсяго Адвэнту. Ахвяры, сабраныя падчас акцыі ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, ідуць на ўтрыманне Дзіцячага дабрачыннага сацыяльна-рэабілітацыйнага цэнтра св. Лукі ў в. Ляскоўка. У цэнтры св. Лукі на дабрачыннай падставе жывуць дзеці, якія праходзяць лячэнне ад анкалагічных захворванняў. Таксама тут арганізуецца сацыяльная рэабілітацыя дзяцей і моладзі з асаблівасцямі развіцця, ладзяцца семінары для валанцёраў, рэкалекцыі і іншыя мерапрыемствы, паведамляе caritas-minsk.by.

Далучацца да “Каляднай дапамогі дзецям” заахвочвае арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які адзначае: “Карытас – гэта не проста адна з дабрачынных арганізацый. Карытас – гэта частка Касцёла, якая паклікана выконваць адну з асноўных яго функцый – клапаціцца пра патрабуючых. Гэта значыць, што падтрымліваючы Карытас, мы выконваем нашае заданне як хрысціянаў”.

Прыняць удзел ў акцыі можна кожную нядзелю ў катэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі і ў касцёле св. Сымона і Алены ў Мінску, а таксама ў іншых парафіях Мінска-Магілеўскай архідыяцэзіі.

Таксама свечкі можна замовіць па тэлефонах:
+375 44 7603785 — бр.Андрэй
+375 29 3651878 — Вольга

для друку для друку