Кардынал-прэфект: Касцёл супраць секулярызацыі сужэнства

Вучэнне паслясінадальнай Апостальскай адгартацыі „Amoris laetitia” трэба разглядаць у святле ўсяго вучэння Касцёла, адзначыў у інтэрв’ю для часопіса “Il Timone” кардынал Герхард Людвіг Мюлер.

Ён нагадаў таксама пра актуальнасць Апостальскай адгартацыі “Familiaris Consortio” св. Яна Паўла ІІ. Прэфект Кангрэгацыі Веравучэння падкрэсліў, што ўмовай прыняцця св. Камуніі разведзенымі католікамі, якія жывуць у новых несакрамэнтальных саюзах, з’яўляецца сексуальная абстыненцыя.

Кардынал Мюлер заўважыў, што не можа быць ніякай супярэчнасці паміж вучэннем Касцёла і асабістым сумленнем. “Гэта немагчыма. Не можна сказаць, напрыклад, што існуюць абставіны, пры якіх чужалоства не з’яўляецца смяротным грахом. Для каталіцкай дактрыны немагчыма суіснаванне смяротнага граху і апраўдальнай ласкі. Каб пераадолець гэтую абсурдную супярэчнасць Хрыстус устанавіў для вернікаў сакрамэнт пакаяння і паяднання з Богам і Касцёлам”, — нагадаў прэфект.

Гэта няправільна, што многія біскупы інтэрпрэтуюць вучэнне „Amoris laetitia” паводле свайго ўласнага разумення, заўважыў кардынал Мюлер і нагадаў, што толькі Папа асабіста можа інтэрпрэтаваць сваё вучэнне або рабіць гэта праз Кангрэгацыю Веравучэння. “Усім тым, хто кажа занадта шмат, я рэкамендую спачатку вывучыць дактрыну на тэму папства і біскупства. Біскуп, як настаўнік Слова, спачатку павінен быць добра сфарміраваны, каб пазбегнуць небяспекі, калі сляпы вядзе за руку іншых сляпых”, — сказаў ён.

“Для нас сужэнства з’яўляецца выразам удзелу ў адзінстве паміж Хрыстом Абраннікам і Яго Абранніцай – Касцёлам. Гэта не так, як некаторыя сказалі падчас сінода, што гэта толькі расплывістая аналогія. Не! У гэтым сутнасць сакрамэнту, і ніякая ўлада на небе і на зямлі, ні анёлы, ні Папа, ні Сабор, ні дазвол біскупаў не мае ўлады, каб змяніць гэта”, — падкрэсліў кіраўнік дыкастэрыі, адказнай за абарону вучэння Касцёла.

“Божае Слова вельмі яснае, і Касцёл не пагаджаецца на секулярызацыю сужэнства. Задача святароў і біскупаў, не ствараць блытаніну, а тлумачыць. Не можна абмяжоўвацца чытаннем невялікіх фрагментаў „Amoris laetitia”, трэба чытаць усё ў поўным кантэксце, каб Евангелле сужэнства і сям’і зрабіць прывабным для людзей. Гэта не „Amoris laetitia” выклікала неадназначную інтэрпрэтацыю, але некаторыя памылковыя яе інтэрпрэтатары”, — падсумаваў ватыканскі іерарх.

Ватыканскае радыё

для друку для друку