Кардынал пра сапраўдных сяброў Святога Айца

Cапраўднымі сябрамі Папы Францішка з’яўляюцца не падхалімы, але тыя, хто супрацоўнічае з ім і з біскупамі для ўмацавання веры, сказаў кардынал Герхард Людвіг Мюлер. Прэфект Кангрэгацыі Веравучэння перасцярог ад фальшывага “папізму”, заснаванага на марнай эклезіялогіі, што сам Францішак востра крытыкуе.

“Гэта дзіўна, як некаторыя самыя вялікія праціўнікі Яна Паўла ІІ і Бэнэдыкта XVI, што калісьці падрывалі асновы тэалогіі, цяпер звярнуліся да пэўнай формы папізму, якая сапраўды турбуе мяне”, — прызнаўся кардынал. Ён растлумачыў, што гэтыя людзі паводзяць сябе так, як быццам кожнае слова Папы бясхібнае. Між тым, Пантыфік – гэта не Месія, а Намеснік Хрыста, слуга Езуса. І хоць СМІ разглядаюць яго як зорку, ён з самага пачатку свайго пантыфікату паўтарае, што яго задача ў тым, каб умацоўваць у веры, і людзі павінны апладзіраваць не яму, а Езусу.

Прэфект Кангрэгацыі Веравучэння звярнуў увагу на негатыўную з’яву, калі людзі прачытаюць нешта аб Францішку, а потым ідуць да біскупа або святара і павучаюць іх аб тым, што кажа Святы Айцец. Пастырам парафіі з’яўляецца пробашч, а дыяцэзіі – біскуп, у бачнай еднасці з Папам, нагадаў кардынал Мюлер. Ён прызнаў, што пад уплывам сродкаў масавай інфармацыі змянілася многае, але важна рэальнае жыццё мясцовага Касцёла ў еднасці з Біскупам Рыма.

Нямецкі іерарх казаў пра гэта падчас прэзентацыі італьянскага перакладу сваёй кнігі аб надзеі для сучаснага Касцёла – „Indagine sulla speranza”. Арцыбіскуп Рына Фізікела, старшыня Папскай рады па новай евангелізацыі, які ўзяў удзел у мерапрыемстве, адзначыў, што разважанні кардынала Мюлера аб надзеі з’яўляюцца эфектыўным проціяддзем ад нігілізму, галоўнай праблемы у сучасным свеце, якая пачынае датычыць і Касцёла.

Ватыканскае радыё

для друку для друку