Кардынал Паралін: візіт у Расію быў канструктыўным

Кардынал Паралін станоўча ацаніў вынікі свайго падарожжа ў Расію. Сустрэчы, якія адбыліся ў яго рамках, “характарызаваліся атмасферай сардэчнасці, слухання і павагі”. Яны былі важнымі і канструктыўнымі, падкрэсліў бліжэйшы супрацоўнік Папы ў інтэрв’ю ватыканскім СМІ.

Кардынал Дзяржсакратар заўважыў, што дзякуючы размове з расійскім епіскапатам ён змог бліжэй пазнаёміцца з жыццём каталіцкай супольнасці ў Расіі, яе радасцямі і надзеямі, а таксама выклікамі і цяжкасцямі, аб якіх потым меў магчымасць распавесці дзяржаўным уладам. У прыватнасці гэта тычыцца тэмы рэстытуцыі некаторых касцёлаў, якія былі канфіскаваны ў часы камуністычнага рэжыму і ў якіх каталіцкая супольнасць сёння мае патрэбу.

Кіраўнік ватыканскай дыпламатыі ўжо паінфармаваў Пантыфіка аб змесце і выніках свайго візіту ў Расію, а таксама пераказаў шматлікія віншаванні ад вернікаў, уладаў і Патрыярха Кірыла. “Папа быў задаволены тымі ўражаннямі, тымі станоўчымі вынікамі, аб якіх я распавёў яму. Як мы ведаем, Папа – і ён падкрэсліў гэта таксама ў дадзенай сітуацыі – вельмі, вельмі ўважлівы да ўсіх нагодаў для дыялогу, якія могуць быць. Ён цэніць усе магчымасці для дыялогу і вельмі радуецца, калі здзейсняюцца крокі наперад у гэтым напрамку”, — сказаў іерарх.

У ходзе сустрэчы з Патрыярхам Маскоўскім гаворка ішла, між іншым, пра новую атмасферу, якая пануе ў адносінах паміж Рускай Праваслаўнай Царквой і Каталіцкім Касцёлам, асабліва пасля сустрэчы Папы і Патрыярха ў Гаване. Дзяржсакратар падзяліўся, што для праваслаўных вернікаў вялікай падзеяй стала выстаўленне рэліквій св. Мікалая, якія некалькі месяцаў таму прывозіліся ў Маскву і Санкт-Пецяргург з Бары. Гэта падкрэслівалі многія яго праваслаўныя суразмоўцы.

Па словах іерарха, як з боку Рускай Праваслаўнай Царквы, так і з боку Касцёла існуе жаданне “не змарнаваць таго патэнцыялу, які адкрыўся” і працягваць супрацоўніцтва ў розных сферах і на розных узроўнях: ад культурнага і акадэмічнага да гуманітарнага.

Бліжэйшы супрацоўнік Папы падзяліўся, што закраналіся таксама “далікатныя тэмы ў адносінах паміж двума Цэрквамі”. У той жа час ажыцяўлялася спроба знайсці шляхі, якія падзяляюцца абодвума бакамі, для вырашэння гэтых праблем. Гэтыя канкрэтныя прапановы, якія ўзніклі, павінны быць правераны і магчыма прыняты, пасля належнага разважання.

Адной з тэмаў візіту была сітуацыя ва Украіне. Яна выклікае вялікую заклапочанасць Святога Пасаду і абмяркоўвалася з кіраўніцтвам Рускай Праваслаўнай Царквы. “Хачу сказаць, што перш за ўсё, гаворка ішла пра пошук магчымых шляхоў да справядлівага і трывалага вырашэння канфлікту, у рамках існуючых інструментаў, якімі з’яўляюцца дасягнутыя дамоўленасці паміж двума бакамі”, — сказаў кардынал.

Ён дадаў, што Апостальскую Сталіцу хвалююць гуманітарныя аспекты. У дадзеным кантэсце ён ўзгадаў пра важнасць вызвалення палонных. Гэта можа даць імпульс усяму працэсу, у тым ліку палітычнаму, каб працягваць развіваць тэму спынення агню, устанаўлення бяспекі на тэрыторыі і нарэшце пошуку палітычных умоваў для вырашэння канфлікту. Каб крочыць у слушным напрамку трэба думаць пра людзей і іх пакуты, лічыць Дзяржсакратар.

Падчас сустрэчы з Уладзімірам Пуціным кардынал Паралін абмеркаваў тэму пераследу хрысціян на Блізкім Усходзе, сітуацыю ва Украіне і Венесуэле, становішча расійскіх католікаў. Расія з’яўляецца вялікай дзяржавай, таму як сама краіна, так і яе лідэр, маюць адказнасць за мір і павінны прыкладаць намаганні, каб ставіць яго вышэй за ўсе іншыя інтарэсы, сказаў ён.

Бліжэйшы супрацоўнік Папы падзяліўся, што падчас свайго візіту ў Расію быў асабліва крануты цёплай сустрэчай з мясцовай каталіцкай супольнасцю, кароткім візітам да Сясцёр Божай Міласэрнасці, якія працуюць у Маскве і наведваннем праваслаўнага сабору Хрыста Збаўцы.

Ватыканскае радыё

для друку для друку