Кардынал Паралін пра важнасць удзелу моладзі ў палітыцы

Для хрысціян палітыка заўсёды была адным з самых высокіх выразаў любові, нагадаў словы бласлаўлёнага Паўла VI кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін.

Ён перакананы, што ў кантэксце распаўсюджвання папулізму ў палітыцы і будавання новага палітычнага класу, неабходна ўключаць моладзь у клопат аб супольным дабры, у клопат аб іншых, дзеля будавання грамадства, якое будзе салідарным і здольным ставіць на першае месца патрэбы чалавека і яго годнасць, з увагай да самых бедных і маргіналізаваных.

У інтэрв’ю італьянскаму каталіцкаму часопісу “L’Ancora”, пурпурат заўважыў, што будаванне новай ментальнасці, скіраванай на клопат пра супольнае дабро, трэба пачынаць з абноўленага ўсведамлення каштоўнасцей, якія павінны быць у аснове любога грамадзянскага суіснавання. 

“Калі няма моцнай свядомасці, што палітыка – гэта не толькі непасрэднае кіраванне “супольнай справай”, але будаванне “Полісу”, як такога. Калі няма ўсведамлення таго, што ў аснове ўсяго павінны быць супольныя каштоўнасці, я думаю, будзе складана правесці абнаўленне мыслення і рэалізаваць справу выхавання, напрыклад, моладзі, каб у яе ўзнікла гарачае жаданне ўдзельнічаць у палітыцы”, — лічыць бліжэйшы супрацоўнік Папы.

Ватыканскае радыё

для друку для друку