Кардынал Нікалс пра мэту пасяджэння РКБЕ: «Будучыня ў руках моладзі. Мы хочам зразумець, чым яна жыве»

Арцыбіскуп Вестмірнстэрскі кардынал Вінсэнт Нікалс

Арцыбіскуп Вестмірнстэрскі кардынал Вінсэнт Нікалс падчас прэс-канферэнцыі ў Мінску напярэдадні адкрыцця пленарнага пасяджэння Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы (РКБЕ) агучыў мэту форуму, паведамляе Catholic.by.

Іерарх адзначыў, што пасяджэнне прысвечана пытанням моладзі, праблемы і будучыню якой абмяркуюць на Сінодзе Біскупаў у 2018 годзе.

«Касцёл на Усходзе Еўропы адрозніваецца ад Касцёла на Захадзе. Мы ўсе разумеем, што будучыня ў руках моладзі, і іх свет адрозніваецца ад свету, у якім выраслі мы. Мы хочам зразумець, чым жыве сённяшняя моладзь і што напаўняе яе сэрцы. Як чалавечая асоба можа фарміравацца ў адносінах з Хрыстом?»

Паводле слоў кардынала, у сваю чаргу, кожны нацыянальны епіскапат таксама разважае над гэтымі тэмамі.

«Маладыя людзі актыўныя і ўскладаюць вялікія надзеі на будучыню. Падчас форуму мы будзем разважаць над пытаннямі захавання годнасці ў сучасным свеце і неабходнасцю лічыцца з грамадскім інтарэсам усіх людзей. Гэта аснова свету, у якім ёсць узаемаразуменне паміж усімі краінамі. Каталіцкі Касцёл спрабуе сказаць сваё слова на гэты конт», — сцвердзіў іерарх.

Біскуп дадаў, што нядаўна ў Барселоне прайшоў форум моладзі, падчас якога былі абмеркаваны выклікі моладзі ў сучасным свеце.

«Як моладзь перажывае адносіны са сваімі аднагодкамі, пра што мараць і як бачаць рэчаіснасць?.. Кім яны сябе лічаць у сучасным свеце і ў чым із індывідуальнасць? Наша задача – дапамагчы ім даць адказы на гэтыя пытанні».

Як заключыў арцыбіскуп, «у першую чаргу мы сканцэнтруемся на пытаннях моладзі», бо «такім чынам мы можам лепш зразумець граматыку нашай чалавечай сутнасці і тое, чым гэта для нас ёсць і нашы адносіны з Хрыстом».

Ілья Лапато, тэкст;
Віталій Палінеўскі, фота

для друку для друку