Кардынал Пьетра Паралін наведае Украіну

paralinУ чэрвені 2016 г. кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін здзейсніць візіт ва Украіну, каб выказаць салідарнасць Папы да насельніцтва, якое перажывае пакуты. Аб гэтым паведаміў сам пурпурат 11 мая 2016 г. ва ўніверсітэце Тарту, у рамках свайго афіцыйнага візіту ў Эстонію.

“Бяручы пад увагу сур’ёзнасць актуальнай сітуацыі, я сам наведаю Украіну ў наступным месяцы, каб выказаць салідарнасць Святога Айца да ўсіх, хто пакутуе”, — сказаў бліжэйшы супрацоўнік Папы, падчас лекцыі аб міжнародных адносінах Апостальскай Сталіцы.

Узгадаўшы пра збор ахвяраванняў, прызначаны на вырашэнне гуманітарных праблем Украіны, які прайшоў 24 красавіка 2016 г. па ініцыятыве папы Францішка, кардынал Дзяржсакратар падкрэсліў, што “Святы Пасад асабліва заклапочаны пагаршэннем гуманітарнай сітуацыі, выкліканай трываючым канфліктам”, які пакінуў амаль1,5 млн. без даху над галавой.

Драматычнай з’яўляецца таксама сітуацыя ў сферы аховы здароўя і стан дзяцей, якія не могуць наведваць школы і штодзённа сустракаюцца з насіллем, атрымліваючы траўмы.
Пурпурат падкрэсліў, што Каталіцкі Касцёл, хоць і з’яўляецца меншасцю ва Украіне, “намагаецца адказаць на патрэбы насельніцтва”, а Апостальская Сталіца рыхтуе “шэраг ініцыятыў для дапамогі ўсім, незалежна ад рэлігійнай прыналежнасці”.

Кардынал Паралін нагадаў пра важнасць павагі да міжнароднага і гуманітарнага права, зноў заклікаючы бакі “паўстаць на шлях дыялогу з мэтай пераадолення актуальных цяжкасцяў і аблягчэння пакут насельніцтва”.

Гаворачы пра дыпламатычную дзейнасць Святога Пасаду, пурпурат патлумачыў, што яна далёкая ад “чыста палітычных і камерцыйных падыходаў”, а грунтуецца, галоўным чынам, на чатырох фундаментальных прынцыпах: годнасці чалавечай асобы, падтрымцы супольнага дабра, салідарнасці і субсідыярнасці.

Ватыканскае Радыё

для друку для друку