Кардынал Дзівіш падчас міжнароднага кангрэса «Europa Christi»: святы Ян Павел II павінен быць абвешчаны заступнікам Еўропы

Святы Ян Павел II павінен быць абвешчаны заступнікам Еўропы, – сказаў у пятніцу, 20 кастрычніка, у Чэнстахове кардынал Станіслаў Дзівіш, шматгадовы асабісты сакратар папы-паляка. Падчас крызісу Еўропа мае патрэбу ў павелічэнні колькасці заступнікаў, перакананы польскі кардынал.

Ён прачытаў лекцыю ў рамках міжнароднага кангрэса «Europa Christi», які распачаўся ў Чэнстахове 19 кастрычніка.

Арганізатары падзеі падкрэсліваюць, што Еўропа – гэта вялікая хрысціянская спадчына, і заклікаюць еўрапейцаў вярнуцца да сваіх каранёў і каштоўнасцяў. Кангрэс праходзіць пад лозунгам «Адкрыйце дзверы для Хрыста».

У сваім выступе кардынал Дзівіш нагадаў, што ў час II Ватыканскага Сабору Папа Павел VI абвясціў заступнікам Еўропы св. Бэнэдыкта Нурсійскага. У сваю чаргу, Папа Ян Павел II абвясціў заступнікамі гэтага кантынента наступных святых: Кірыла і Мяфодзія, Кацярыну Сіенскую, Брыгіду Шведскую, а таксама сястру Тэрэзу Бэнэдыкту ад Крыжа. «Сёння, калі Стары Кантынент перажывае моцны аксіялагічны (каштоўнасны) крызіс і становіцца перад новымі, яшчэ не вядомымі выклікамі, нараджаецца патрэба пашырыць колькасць заступнікаў», – адзначыў кардынал.

Ён падкрэсліў, што Ян Павел II заўсёды стаяў на варце ўніверсальных каштоўнасцяў, якія сталі падмуркам еўрапейскай цывілізацыі, меў свой бясспрэчны ўклад у падзенне камунізму і аб’яднанне кантынента, а ў сваім вучэнні ўдала дыягнаставаў тыя пагрозы, перад якімі цяпер стаяць еўрапейцы.

«Заслугі св. Яна Паўла II для ўмацавання маральнага парадку і для развіцця нашага кантынента – бясспрэчныя. Ён заўсёды падкрэсліваў, што еўрапейская супольнасць павінна быць супольнасцю духу, у якой людзі салідарна «носяць цяжары адзін аднаго», а правы чалавека, як у асабістым, так і ў нацыянальным вымярэнні, падтрымліваюцца», – адзначыў іерарх.

Еўропа, сказаў кардынал Дзівіш, стаіць зараз перад цяжкімі выклікамі такімі як ідэйны крызіс, дэмаграфічны правал, падрыў натуральнай функцыі сямʼі, міграцыйная праблема, – а гэта патрабуе разважлівых і дальнабачных рашэнняў. «Еўропа мае патрэбу, а ў прыватнасці ў гэты момант сваёй гісторыі, звышнатуральнай дапамогі і прыкладу святых, бо, застаўшыся сам насам, можа не справіцца з задачамі. Складана знайсці іншага актуальнага святога, які разумее наш час, чым Ян Павел II», – падкрэсліў кардынал.

Згодна з бачаннем св. Яна Паўла II, першым элементам пабудовы адзінства Еўропы ёсць прабачэнне крыўды. «Няма Еўропы без прабачэння і прымірэння, гэта значыць без вырашэння праблем мінулага. Памылковым зʼяўляецца тэзіс некаторых еўрапейскіх палітыкаў, якія сцвярджаюць, што трэба пакінуць праблемы мінулага і засяродзіцца на будучыні», – сказаў кардынал Дзівіш. Гэта прымірэнне, аднак, патрабуе выканання пэўных умоў: прызнанне віны, шкадавання за зло, выкліканае сваімі дзеяннямі, і імкненне выправіць несправядлівасць. Спасылаючыся на тое, чаму вучыў св. Ян Павел II, кардынал дадаў, што Еўропа не можа толькі звяртацца да мінулага, яна павінна таксама разважаць над сваім будучым.

«Не падлягае сумневу, што св. Ян Павел II, як ён гэта падкрэсліваў пры розных магчымасцях, быў прыхільнікам Еўропы Айчыны, а не Еўропы як федэральнай дзяржавы», – адзначыў кардынал. Абʼяднаная Еўропа павінна гарантаваць чалавеку асабістае развіццё, а не людзі павінны быць падпарадкаваны нейкаму нявызначанаму «развіццю« Еўропы.

У сваю чаргу арцыбіскуп Чэнстахоўскі Вацлаў Дэпо, удзельнік сесіі, сказаў, што кангрэс «Europa Christi» мае не толькі нагадаць пра хрысціянскія карані Еўропы, але і падштурхнуць яе да інтэлектуальнага намагання. «Еўропа мае патрэбу ў тым новым інтэлектуальным штуршку, які верне паняццем праўды і маральнасці іх згублены сэнс», – адзначыў ён.

gosc.pl

 

для друку для друку