Каранавірус паўплываў на падрыхтоўку да Сусветных дзён моладзі

Падрыхтоўка да правядзення Сусветных дзён моладзі ў Лісабоне запаволілася па прычыне пандэміі, але не спынілася. Форум быў перанесены на 2023 год.

Старшыня Біскупскай Канферэнцыі Партугаліі, кардынал Мануэль Клементэ, як і большасць біскупаў краіны, са зразуменнем прынялі рашэнне Папы Францішка, абвешчанае 20 красавіка 2020 года, аб пераносе Сусветных дзён на год. Ён прызнаў, што ў цяперашняй сітуацыі вернікі павінны сканцэнтравацца на барацьбе з каранавірусам.

“Адкласці форум было абсалютна неабходна, таму што падрыхтоўка пачынаецца значна раней за 2022 год, і гэта можа падвергнуць шматлікіх людзей рызыцы заражэння. На дадзены момант самым вялікім выклікам з’яўляецца перамога над пандэміяй”, — сказаў кардынал Клементэ. Ён прызнаўся, што рашэнне Святога Пасаду аб пераносе мерапрыемства было прынята пасля ўзгаднення з партугальскімі іерархамі.

Старшыня епіскапату паведаміў, што падрыхтоўка да Сусветных дзён будзе працягвацца на ўзроўні парафій, але яны павінны спачатку вярнуцца да звычайнага жыцця. Нягледзячы на ўсё яшчэ шматлікія выпадкі заражэння ў Партугаліі, існуе магчымасць паступова “адчыняць” касцёлы ўжо ў маі.

Іерарх лічыць, што ліквідацыя абмежаванняў, звязаных з каранавірусам, павінна быць паступовай. Першыя набажэнствы адбудуцца з невялікай колькасцю ўдзельнікаў, каб захаваць прастору паміж вернікамі, якія павінны быць у масках.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку