Капуцын з Беларусі скіруецца на місію ў Афрыку

29 снежня ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы ў Докшыцах падчас святой Імшы адбылося ўручэнне місійнага крыжа новаму місіянеру з Беларусі брату Валерыю Кунгеру OFMCap.

Для нашай краіны гэтая падзея незвычайная, а для Кустодыі братоў капуцынаў у Беларусі — увогуле першая ў гісторыі.

Малітва благаслаўлення і скіравання новага беларускага місіянера распачалася словамі:

Накіруйма нашую бязмежную любоў і просьбы да Бога Айца,

які дае ўсялякае дабро, за брата Валерыя,

якога пасылаем, каб усім людзям

нёс радасную навіну пра збаўленне

ў імя Пана нашага Езуса Хрыста.

Брат Валерый, які апошнія гады нёс сваё братняе служэнне ў супольнасці і парафіі ў Докшыцах, некалькі месяцаў таму вырашыў адказаць на патрэбу аб дапамозе ў місіянерскай паслузе ў Габоне (Цэнтральная Афрыка).

Брат Алег Шэнда, кусташ беларускай Кустодыі Ордэна братоў меншых капуцынаў, вітаючы брата Валерыя, яго родных і сяброў, гасцей-святароў, усіх сабраных братоў капуцынаў і мясцовых парафіянаў, прыгадаў, што роўна адзінаццаць гадоў таму ў гэтым месцы брат Валерый адказаў «так» Хрысту, прымаючы вечныя манаскія абяцанні. І, можа, невыпадкова ў той самы дзень ён зноў адказвае згодай Хрысту, прымаючы місіянерскую паслугу.

Брат Алег адзначыў, што як на пачатку дзейнасці капуцынаў на нашай зямлі былі браты з-за мяжы, так і мясцовай супольнасці Ордэна цяпер прыйшоў час дзяліцца тым, што атрымалі: Евангеллем Хрыстовым і сваёй прысутнасцю.

У гаміліі кусташ звярнуў увагу на тое, што ў сваім аб’яўленні свету Бог дзейнічае праз канкрэтных людзей, якія адкрываюць Яго волю ў сваім праведным і пабожным жыцці, слухаючы Духа Святога.

«Хіба найважнейшым, але і найцяжэйшым заданнем хрысціяніна сёння з’яўляецца здольнасць здзіўляцца», — падкрэсліў брат Алег і заклікаў быць чулымі да таго, як дзейнічае Бог, заўважыць гэта і сведчыць аб гэтым, як вучаць нас у гэтыя дні Марыя, Юзаф, пастушкі і праведны Сімяон.

Пасля святой Камуніі скіроўаючы на місію сына Касцёла ў Беларусі і брата капуцынскай Кустодыі, кусташ уручыў брату Валерыю крыж, прамаўляючы:

Прымі крыж Хрыста,

Знак любові Бога да чалавека,

А таксама нашай веры.

Ідзі і аб’яўляй Евангелле кожнаму стварэнню.

Гэта твой праваднік на апостальскіх дарогах.

Гэта твая дапамога ў кожнай небяспецы.

Гэта тваё суцяшэнне ў жыцці і падчас смерці.

Напрыканцы Імшы на развітанне настаяцель докшыцкай супольнасці братоў капуцынаў брат Андрэй Букштан і парафіяне выказалі словы падзякі брату Валерыю за прысутнасць і шчырую паслугу для супольнасці і парафіі.

Супольнасць капуцынаў і парафія ў Докшыцах просіць усіх аб малітве за нашага земляка місіянера і дзякуе за кожную малітву.

Даведка:

Браты капуцыны прысутныя ў Габоне ад жніўня 2000 г. На дадзены момант яны нясуць служэнне ў чатырох месцах: Эсаса (Essasa), Нтум (Ntoum), Мелен (Melen) і Кокабіч (Cocobeach).

бр. Уладзіслаў Мінько OFMCap
Марыя Шульгат, фота
Catholic.by

для друку для друку