Кансэкраванае жыццё — жыццё «з распраўленымі крыламі»: размова з айцом Міхаілам Цвячкоўскім

cwackouski-1-195x274Размова з айцом марыянінам Міхаілам Цвячкоўскім, старшынёй  аб’яднання вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў і прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых Манаскіх Інстытутаў і Таварыстваў Апостальскага Жыцця ў Беларусі.

— Айцец Міхаіл, калі ласка, распавядзіце, што такое кансэкраванае жыццё, якое месца яно займае ў Каталіцкім Касцёле?

— Сёння нам здараецца сустрэць маладых і старэйшых манахаў і манахінь, якія носяць не сучасную і часам малапрактычную вопратку, доўгі час праводзяць у святыні, займаюцца навучаннем дзяцей і моладзі, шмат моляцца… Гледзячы на іх мы часта задаём пытанне: што прымусіла іх прыняць радыкальнае рашэнне і весці не папулярнае жыццё ў гэтым свеце? Многія гэтага не разумеюць і нават спачуваюць ім. І для многіх з нас, хто зрабіў такі выбар, гэта таксама ў пэўным сэнсе таямніца. Аднак зразумець яе можна, калі з вераю прыняць у сэрца словы Евангелля: «Тым, хто прыняў Яго (Божае слова, Езуса Хрыста), дало ўладу стаць Божымі дзецьмі» (гл. Ян 1, 12). Вельмі часта тыя, хто прыняў Хрыста як жывую Асобу, якая прабывае сярод нас і любіць нас, хочуць прысвяціць жыццё абвяшчэнню і сведчанню гэтай праўды, жадаюць стаць поўнай уласнасцю Хрыста. Я пачуў некалі ад адной сястры-кармелітка з закрытага кляштара: «Калі я прыходжу ў капліцу, вельмі часта сэрца пачынае біцца мацней, я адчуваю, як мяне атуляе такая любоў Бога, што гэта немагчыма апісаць. Дзеля яе я гатовая і далей жыць ва ўкрыцці ад людскіх вачэй, бо мне больш нічога не трэба».

Сустрэча з Хрыстом можа так захапіць чалавека, што малады хлопец ці дзяўчына вырашыць прысвяціць Яму сваё жыццё, пайсці за Яго любоўю, і ўзнагародаю за гэтае адказнае рашэнне стане асалода ад Божай прысутнасці ў Найсвяцейшым сакрамэнце падчас малітвы. Гэта таямнічы і прыгожы шлях. Слова «кансэкраваны» азначае прысвечаны Богу асаблівым чынам. Мы ўсе кансэкраваныя праз хрост, але гэтую кансэкрацыю можна ўзмацніць і павялічыць, свядома прыняўшы рашэнне стаць манахам або манахіняй.

Роля кансэкраваных асобаў у Касцёле — быць бачным знакам прысутнасці Божай у свеце і служыць Яму і людзям у Хрыстовым Касцёле. У гэтым годзе папа Францішак заклікае нас асаблівым чынам дзякаваць Богу за тых, хто прачытаў у сэрцы запрашэнне ісці за Хрыстом і выбраў шлях манаства і святарства, а таксама маліцца аб пакліканнях. Сёння ў Беларусі нам патрэбныя сапраўдныя сведкі Хрыста. Шмат людзей жыве ў свеце так, нібы Бога няма, або так, нібы Ён далёкі і недасягальны.

— Што плануецца зрабіць у Касцёле ў Беларусі ў сувязі з гэтым?

— З нагоды распачацця года кансэкраванага жыцця Канферэнцыя біскупаў Беларусі зацвердзіла план, які перш за ўсё накіраваны на аднаўленне адносінаў кансэкраваных асобаў з Богам. Кожная манаская супольнасць раз на месяц мае асаблівы дзень малітвы, для яго выбірюцца тэмы разважанняў, і Аб’яднанне манаскіх супольнасцяў Беларусі прапанавала Канферэнцыі біскупаў тэмы для разважання на кожны месяц гэтага года. Падчас пілігрымак у беларускія санктуарыі манахі і манахіні запрошаны прадставіць пілігрымам, чым з’яўляецца кансэкраванае жыццё, як яны яго перажываюць, а таксама запрасіць асаблівым чынам маліцца аб пакліканнях да манаства.  У кожнай парафіі пробашч павінен прысвяціць хаця б адно казанне тэме кансэкраванага жыцця.  На ўрачыстасцях у Будславе, падчас дыяцэзіяльных сустрэчаў моладзі прадстаўнікі манаскіх супольнасцяў Беларусі будуць сведчыць аб радасці кансэкраванага жыцця, і запросяць не баяцца ісці за Езусам Хрыстом, калі Той кліча.

У нас працуюць манахі і манахіні з розных супольнасцяў. Кожная аддае пашану Хрысту і служыць Яму ў розных харызматах. Марыяне распаўсюджваюць ушанаванне Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, моляцца за памерлых, займаюцца працай у парафіях, працуюць з моладдзю і дзецьмі. Гэта канкрэтнае служэнне для Касцёла і Езуса Хрыста ў харызмаце канкрэтнай супольнасці. Вядома, што кожны заснавальнік кангрэгацыі меў асаблівы дар, харызмат, у якім адкрыў Езуса Хрыста і служыў Яму ў тым, што найбольш адпавядала яго сэрцу. Гэта вялікае багацце Касцёла. Калі б усе служылі Хрысту аднолькава, гэта была б беднасць, а Езус запрашае служыць Яму ў розных праявах. Багацце манаскіх супольнасцяў можна параўнаць з прыгожым садам, дзе квітнеюць розныя кветкі, і кожная па-свойму прыгожая а сумесна ўзята ствараюць цудоўную палітру прагажосці.

— Што Вы маглі б сказаць пра пакліканні ў Беларусі?

— Размаўляючы з прадстаўнікамі розных супольнасцяў і параўноўваючы лічбы пакліканняў са статыстыкай розных краінаў, я ўбачыў, што колькасць пакліканняў ў нас не зменшылася. Вельмі часта мы чуем, што на Захадзе пакліканняў усё менш, аднак у нас — не, і апроч таго, узрастае «якасць» пакліканняў і працы.

— Моладзі лягчэй стала вызначыцца, распазнаць пакліканне?

— Так, цяпер моладзь шырэй знаёміцца з харызматамі розных супольнасцяў, якія існуюць у свеце, паколкі да гэтага ёсьць доступ. Калі я распачынаў святарскія і манашскія крокі – не ведаў што ёсць святары манахі і дыяцэзіяльныя. Я проста хацеў служыць Богу ў якасці святара. Распачаўшы манаскія падрыхтоўчыя курсы я даведаўся што інуюць і іншыя кангрэгацыі. Узнікала пытанне ці сапраўды Езус кліча мяне ў Ордэн айцоў Марыянаў? Але паколькі сустрэча з Жывым Богам адбылася ў гэтым Ордане – я вырашыў застацца тут. Сёння моладзь мае вельмі шырокія магчымасці, каб пазнасць асаблівасці розных манаскіх кангрэгацый, пачынаючы ад таго, як апранаюцца іх прадстаўнікі, і заканчваючы тым, з якой глыбінёй і на што яны звяртаюць больш увагі ў духоўным плане. І калі нехта адчувае запрашэнне Хрыста да больш дасканалага жыцця, ён цяпер можа параўнаць і выбраць, у якой сферы, у якім служэнні хоча рэалізавацца.

— У сувязі з выбрам і пакліканнем, якія б Вы назвалі знакі распазнання паклікання, і што рабіць, калі чалавек паспрабаваў пайсці па гэтым шляху і зразумеў, што гэта не для яго.

— Па-першае заўжды трэба слухаць голас Бога ў сваім сэрцы і разумець, што кожнае пакліканне — гэта перадусім адказ на Яго запрашэнне. Бог выкарыстоўвае людзкія натуральныя схільнасці, здольнасці і прагненні. Здараецца, што Ён вельмі выразна запрашае ў нейкую канкрэтную супольнасць. Яго голас ніколі не зблытаеш з іншым голасам. Калі Бог прамаўляе, чалавек заўсёды зразумее, што гэта Ён, і праз розныя падказкі сам павядзе чалаавека, куды трэба, варта толькі ўважліва слухаць.

Няпроста сказаць, чаму зрадаюцца памылкі ў распазнанні паклікання. Вельмі важна, захапіўшыся любоўю Божай і сказаўшы ёй «так», паўтараць гэта кожны дзень, бо калі сёння я скажу «так»,  праз тры дні задумаюся, а праз сем скажу «не», пачнецца крызіс. Вернасць Богу — гэта штодзённы выбар. Ёсць такая прымаўка: узяўся за гуж, не кажы што не дуж, і гэта датычыцца кожнай сферы жыцця, у тым ліку і паклікання. Трэба прыняць рашэнне і свядома і дабравольна выконваць яго. Бог кліча чалавека да супрацоўніцтва і ніколі ні да чаго не змушае насілу. Яго заклік можна прыняць або не прыняць. Калі на пакліканне Бога я не даю адказу — будзе крызіс. Думаю, што цяжкасцю ў манаскім пакліканні можа быць і чалавечы фактар. Мы прыходзім у супольнасць, якая складаецца з вельмі розных людзей. Мы чакаем, што будзе мёд-маліна, а аказваецца, што людзі ўсе недасканалыя. Калі гэтыя адносіны перажываць без веры, можа быць вельмі складана, а калі ўспрымаць гнапружанні і канфлікты як магчымасці для далейшага ўдасканалення і рэалізацыі паклікання, гэта можа стаць духоўным узрастаннем. Для асобы, якая згаджаецца на манаскае пакліканне, гэта штодзённы выбар. Ад яго рашэння і выбару пераносіць цяжкасці або паддацца ім  залежыць вельмі шмат.

— Як Вам здаецца, ці варта ісці за пакліканнем на хвалі захаплення, або лепш рабіць гэта з халоднай галавой, прыняўшы абдуманае рашэнне?

— Напэўна ісці ў манаскую супольнасць трэба свабодна і дабравольна. Гэта значыць трэба ўзважыць тое ад чаго я адмаўляюся і дзеля чаго адмаўляюся а таксама што атрымліваю. Не з’яўляецца выбар дасканалым калі прымаецца рашэнне стаць манахам абапіраючыся толькі на эмацыйнае захапленне. Варта такой асобе пачакаць да больш сталага, свядомага і ўраўнаважаннага рашэння. Не можна аднак накрэсліць выразныя рамкі, калі трэба пачынаць манаскае жыццё, паколькі яно з’яўляецца Божым дарам і таямніцай. Божая ласка дзейнічае па-рознаму, і нельга сказаць, што для яе існуюць узроставыя межы. Усё вельмі індывідуальна, напрыклад святая Тэрэза ад Дзіцятка Езус ужо ў дзіцячым узросце адчытала сваё пакліканне да манашскай супольнасці і ў 15 гадоў атрымала ад Папы дазвол пайсці да сясцёр-кармелітанак, стала Доктарам Касцёла. Кожнае пакліканне своеасаблівае, і ў дзейнасці Пана Бога няма ніякіх шаблонаў.

— Распавядзіце, калі ласка, пра ўласнае пакліканне.

— Я распазнаў яго ў 1993 годзе, у сямнаццацігадовым узросце. Да адзінаццатага класа я не думаў пра святарства, а хацеў стаць дэкаратыўным рэзчыкам па дрэве. Памятаю той дзень, калі мой пробашч, вечнай памяці ксёндз Антоній Лось, паклікаў мяне на размову і сказаў: «Міша, мы чакаем, што ты пойдзеш у семінарыю і станеш святаром». А трэба сказаць, што я быў выхаваны ў традыцыйна-каталіцкай сям’і, дзе святару не прынята было казаць «не». І гэта быў першы раз, калі я адмовіў святару і сказаў, што не пайду ў семінарыю. Ксёндз Лось засмуціўся, і мне самому было смутна ад гэтага «не», але я ніколі не шкадаваў, што сказаў так, бо гэта быў свядомы выбар, калі я ведаў, што хачу іншага, што мне падавалася слушным. Праз нейкі час я ўсё ж змяніў сваю думку пра святарства, бо адчуў вельмі выразнае запрашэнне Бога на святарскую службу.

Ужо большую палову свайго жыцця я правёў у супольнасці айцоў марыянаў і перакананы ў тым, што любоў Божая нязменная і вельмі моцная, і гэта самае каштоўнае, чаму варта прысвяціць сваё жыццё.

— А пасля здараліся з Вамі моцныя хвалі адчування Божай прысутнасці?

— Бог дае падтрымку, і можна быць упэўненым, што Ён будзе весці таго, хто шукае з Ім адносінаў. Асабліва вялікую радасць прыносяць разнастайныя рэкалекцыі або нейкія акцыі, падчас якіх абвяшчаецца Божае Слова і адбываюцца сведчанні пра Бога, Яго любоў і дзеянне. Здараецца, адбываюцца сустрэчы і катэхэзы, на якіх цалкам выкладваешся, і калі ўвечары стомлены прыходзіш да найсвяцейшага Сакрамэнта, проста хочацца прабываць перад Ім, і гэта самы вялікі падарунак. І тады там, перажываючы нанова Божую любоў, хочацца далей і далей Яму служыць.

— Вы адчуваеце сябе на сваім месцы?

— Абсалютна так. Я хачу быць манахам марыянінам.

— Гэта вялікае шчасце. А распавядзіце, калі ласка, пра асаблівасці і дзейнасць Вашай супольнасці.

— Мы існуем з другой паловы 17 стагоддзя. Наш заснавальнік —благаслаўлёны Станіслаў Папчынскі. Першай яго харызматычнай дзейнасцю стала абарона праўды аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі. Гэта быў час калі актыўна фармаўваўся грунт для абвяшчэння догмы аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыя. Благаслаўлёны Станіслаў паабяцаў Богу, што да канца жыцця будзе бараніць гэтую праўды. Другая харызма, якой моцна трымаліся першыя марыяне і якая трывае да сёняшняга дня, была малітва за памерлых. Айцец Станіслаў меў візію шматлікай колькасці людзей церпячых у чысьццы. У большасці марыянскіх парафій праводзяцца набажэнствы за душы памерлых. Трэцяя харызма нашага служэння — дапамога дыяцэзіяльным святарам у душпастырстве. Гэтыя тры рэчы ляжалі ў аснове развіцця нашай Кангрэгацыі. Пазней да іх далучыліся іншыя: навуковая праца, душпастырская праца ў парафіях, дапамога на місіях, праца з моладдзю, дзецьмі, арганізацыя евангелізацыйных праектаў.

— Для Беларусі марыяне адыгралі вялікую ролю ў галіне культуры…

— У нас быў залаты час на пачатку ХХ стагоддзя, калі было шмат адукаваных марыянаў-беларусаў, сярод іх два генералы Кангрэгацыі, біскуп Чэслаў Сіповіч і андрэй Андрэй Цікота. Свайго часу было прынята рашэнне закласці ў Харбіне (Сёняшні Кітай а колішняя Манджурыя) гімназію для хлопцаў, дзе працавала беларуская эліта марыянаў, святары якія ведалі некалькі моваў, пісалі вершы і прозу, вельмі актыўна ўдзельнічалі ў развіцці культуры… З цягам часу ўлады закрылі гімназіі і спынілі яе дзейнасць а марыянскія настаўнікі былі высланыя ў ссылку. Сярод іх вядомыя асобы як Тамаш Падзява, паэт і літаратар, Язэп Германовіч, песні якога мы і дагэтуль спяваем у касцёлах, Фабіян Абрантовіч, Андрэй Цікота і іншыя.

Таксама ў 1924 годзе, з ініцыятывы бласлаўлёнага Біскупа Юрыя Матулевіча, аднавіцеля Ордэна айцоў марыянаў, распачала дзейнасць марыянская гімназія ў Друі, дзейнасць якой пакінула памятны адбітак у гісторыі Касцёла на беларускіх землях.

— А дзе наогул працуе Кангрэгацыя айцоў-марыянаў, і наколькі яна вялікая?

— Мы працуем у 20 краінах свету, у апошнія гады пачалі працаваць на Філіпінах і ў Індыі… Традыцыйна мы служым у Беларусі і ў суседніх краінах: Латвіі, Літве, Польшчы, Украіне, Славакіі, Чэхіі. Айцы марыяне ёсць і ў Германіі, Брытаніі, Бразіліі, Руандзе.

— Распавядзіце, калі ласка, пра праекты, якія марыяне ладзяць у Беларусі.

Апрача звычайнай душпастырскай працы, ўжо на працягу сямі год, марыяне займаюцца рэкалекцыямі пад назвай “Школы Хрысціянскага Жыцця і Евангелізацыі”. Яна ўключае ў сябе сістэматычнае навучанне і пэўную духоўню фармацыю, у асноўным для моладзі. На аснове гэтых рэкалекцый паўсталі фармацыйныя сустрэчы для моладзі ад 14 да 18 год пад назвай Аазіс, якія таксама маюць рэгулярную фармацыю і адбываюцца пяць раз на працягу года. У некаторых парафіях адбываюцца рэгулярныя евангелізацыйныя курсы для тых, хто, можна сказаць, з нуля пазнае Бога. Таксама год таму з’явіўся музычны праект “РЫБЫ”. Гэта група моладзі якая хоча сведчыць пра Бога спевам, музыкай а таксама словам. Удзельнікі гэтага праекта сведчаць пра Бога на парафіяльных, дыяцэзіяльных і агульнабеларускіх моладзевых спатканнях. Ладзяць евангелізацыйныя канцэрты ў дамах культуры, а таксама ў вязніцах (Ворша, Віцебск, Гомель). Таксама трывае сталы малітоўны праект «Вінаграднік», які праводзіцца ў Воршы і штомесяц збірае ад 150 да 250 асобаў.

— Дзякуй вялікі Вам за размову.

— Калі ласка.

Напрыканцы я вельмі хачу непасрэдна звярнуцца да кожнага маладога чалавека: калі ты адчуваеш, што маеш прагненне да нечага большага, да большай любові, да жыцця з распраўленымі крыламі, да якога заклікае цябе Бог, не бойся пайсці за гэтым заклікам, адказаць на яго, бо гэта можа стаць для цябе пачаткам прыгожых прыгодаў. Але пакліканне можна змарнавацца, калі не адказаць на гэтае запрашэнне. Не пакаштаваўшы, не скажаш, якім цудоўным можа быць такое жыццё, а пакаштаваўшы, напэўна не захочаш гэта пакінуць.  Гэта сапраўды варта таго! Калі Хрыстус кліча, варта адказаць «так» на Яго запрашэнне.

Размаўляла Юлія Шэдзько для ave-maria.by

для друку для друку