Біскуп Алег Буткевіч наведаў дзіцячы летнік у Шуміліна

6-13 жніўня дзеці і моладзь з віцебскіх парафій Святога Антонія, Святога Духа і катэдральнага касцёла Езуса Міласэрнага ўдзельнічалі ў “Канікулах з Богам”, якія праводзілі “Група Усход”, а таксама манахіні згаданых парафій Мажэна, Крысціяна і Серафіна.

Галоўнай ідэяй сёлетніх канікулаў была праўда аб Божай Міласэрнасці і звязаных з ёю ўчынкаў у штодзённым жыцці.

“Група Усход”, у якую ўваходзяць аніматары, праводзілі канікулы натхнёна, з увагай да інтарэсаў  дзяцей і моладзі, якія хінуліся да сваіх аніматараў, а найбольш да брата Цімафея, што, як Міласэрны Айцец, вёў  іх да Бога.

DSCF8708

Кожны новы дзень пачынаўся супольнай св. Імшой, якая была ўзбагачана скіраваным да прысутных словам пробашча шумілінскай парафіі а. Андрэя Юхневіча ОМІ. Нікога не пакідалі абыякавым спевы пад кіраўніцтвам брата Цімафея. Будзілі розум і сэрца катэхезы, якія праводзіла “Група Усход”. Дадавала настрою добрае харчаванне.

Было шмат мерапрыемстваў, атракцыёнаў, розных гульняў, танцаў. Надоўга запомняцца ўсім забавы пры вогнішчы, шпацыр па лесе, збіранне зёлак для гарбаты. Асобна варта сказаць пра замоўлены кс. Андрэем Аніскевічам лазартак, які зрабіў канікулы яшчэ больш прыемнымі.

Кожнае спатканне выклікала ў дзяцей і моладзі шмат радасці, энтузіязму.

Вялікае ўражанне пакінуў удзел у Крыжовым Шляху ў лесе з магчымасцю адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, споведзі.

szum3

Двойчы наведаў летнік  біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Ён адпраўляў святую Імшу. Пасля дзеці шчыра дзяліліся з іерархам сваімі ўражаннямі  ад адпачынку.  Двойчы завітаў у госці кс. Вячаслаў Барок.

Апагеем “Канікул з Богам” стаў карнавал, падчас якога дзеці падзякавалі “Групе Усход” за сардэчнасць, дабрыню, катэхетычныя веды і падаравалі свае малюнкі і букеты з палявых кветак.

Гэты час надоўга застанецца ў сэрцах маладых людзей, адгукнецца глыбокаю верай, любоўю да Езуса, святой Імшы і малітвы.

Удзельнікі “Канікул з Богам” праз сайт catholicnews.by дзякуюць пробашчу Андрэю Юхневічу OMI за гасціннасць, а ўсім шумілінскім парафіянам – за дабрыню і за ўсё тое, чым дзяліліся штодня.

Сястра М. Крысціяна

для друку для друку