“Канікулы з Богам” адбыліся ў Бабруйску

babrujskЗ 25 па 28 кастрычніка на сумесную духоўную сустрэчу сабралася школьная моладзь парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Бабруйску.

Па ініцыятыве сясцёр-дамініканак паўстала ідэя, каб гэтыя невялікія рэкалекцыі правесці ў парафіі на ўсходзе Беларусі. Такім месцам стала парафія Маці Божай Бялыніцкай у г. Горкі.

Нягледзячы на магчыма не зусім камфортныя ўмовы (парафіяльны дом мясцовай каталіцкай супольнасці яшчэ рамантуецца), мы змаглі даволі някепска правесці гэты час – у распарадку дня ўдзельнікаў чакалі супольная малітва, канферэнцыі, “вясёлы вечар” і інш.

Вельмі цікавым і важным было наведванне некаторых гістарычных мясцін Магілёўшчыны: у прыватнасці, моладзь наведала рэшткі касцёла св. Казіміра ў в. Расна Дрыбінскага раёна, старажытны г. Мсціслаў, у якім да гэтай пары, няглядзячы на тыя ліхалецці, што спаткалі гэты горад на працягу вякоў, ёсць некалькі будынкаў каталіцкіх храмаў, а таксама Чавускую парафію, у якой а. Гжэгаж, мясцовы душпастыр, пачаставаў усіх гарачай гарбатай.

Моладзь Бабруйскай парафіі шчыра дзякуе ўсім, хто дапамог у арганізацыі гэтага мерапрыемства, асабліва с. Аўгусціне OP і с. Марыі OP, без якіх нічога б не атрымалася!

mohylev-katolik.by

для друку для друку