Каманда Ватыкана па крыкеце сустрэлася з каралевай Лізаветай II

Ватыканская каманда па крыкеце згуляла матч на тэрыторыі Уімблдона ў прысутнасці каралевы Лізаветы II.

Спартсмены ўдзельнічалі ў 4-м экуменічным і міжрэлігійным турніры “Light of Faith” (Святло веры).

Большасць гульцоў “St Peter’s Cricket Club” – гэта святары і кандыдаты да святарства з Індыі, Шры-Ланкі, Пакістана, Англіі і Ірландыі, якія навучаюцца ў Рыме. У Віндзоры яны сустрэліся з камандай “Royal Household Cricket Club”, а гульня скончылася здымкам з каралевай Лізаветай.

Паведамляючы пра гэта, ватыканская газета “L’Osservatore Romano” адзначыла, што спорт з’яўляецца магчымасцю для сяброўства паміж хрысціянамі і прадстаўнікамі іншых рэлігій. Напрыклад, гульцы камандаў Ватыкана і англіканскага Кентэрберыйскага абацтва, выступаючы разам, у якасці супернікаў мелі каманды, у якіх гулялі мусульмане, сікхі, індуісты, будысты і юдэі.

“St Peter’s Cricket Club” – Ватыканскі крыкет-клуб афіцыйна быў заснаваны 15 кастрычніка 2013 года і дзейнічае пад патранажам Папскай рады па культуры, якая мае сярод сваіх структур Аддзел па спорце. Ініцыятарам стварэння каманды быў пасол Аўстраліі пры Святым Пасадзе Джон Энтані Макарці. Гульцы выступаюць у бела-жоўтай форме колераў ватыканскага сцяга.

Міжрэлігійныя турніры праводзіліся да гэтага часу двойчы ў Англіі і ў красавіку 2018 годзе ў партугальскай Фаціме, перад візітам Папы Францішка.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку