Калядную ёлку для Ватыкана прывязуць з Баварыі

ANSA716592_ArticoloСвяточная ёлка на ватыканскую плошчу св. Пятра прыбудзе сёлета з нямецкай Баварыі, гаворыцца ў спецыяльным паведамленні Губернатарата Дзяржавы Ватыкан.

Першапачатковая вышыня дрэва складала 32 метры, але яна была скарочана да 25 метраў для больш зручнага транспартавання. Упрыгожаць ёлку святочныя шары, сярод якіх гліняныя – зробленыя дзецьмі, што праходзяць лячэнне ў італьянскіх анкалагічных цэнтрах.

Бэтлеемскія яслі на ватыканскай плошчы, інсталяцыя якіх ужо пачалася, з’яўляюцца дарам паўночнаітальянскага Трэнта. Іх сцэнаграфія адлюстроўвае сельскі каларыт гэтага рэгіёну. У стаенцы будуць размешчаны 24 фігуры ў рост чалавека. Акрамя Святой Сям’ і і Трох Мудрацоў тут размесцяцца таксама персанажы ў традыцыйных трэнтыйскіх строях сярэдзіны ХІХ ст. У яслях знойдзе адлюстраванне тэма міласэрнасці, якой будзе прысвечаны наступны год у Каталіцкім Касцёле. Яе будзе сімвалізаваць фігура мужчыны, які пахіліўся над пажылым чалавекам, аказваючы яму дапамогу.

Ёлка і стаенка будуць адкрыты для наведвання ўжо 8 снежня. Афіцыйна перададзены ў дар Пантыфіку яны будуць ў рамках спецыяльнай аўдыенцыі 18 снежня, на якой Францішак прыме дэлегацыі з Баварыі і Трэнта, а таксама групу дзяцей, якія зрабілі аздобы для святочнага дрэва. У гэты ж дзень на яслях і ёлцы будзе ўключана ілюмінацыя.

Ватыканскае Радыё

для друку для друку