Калядная гісторыя для самых маленькіх

jagnatkaУсім бацькам у вольныя святочныя дні варта прачытаць сваім дзеткам калядную гісторыю пра маленькае ягня Джошуа.

Ягнятка.

Аднойчы ў сонечнай даліне жыло-было маленькае ягнятка па імені Джошуа. У яго былі чорныя ножкі, белая шорстка з чорнымі плямкамі і … сумныя вочы. Джошуа сумаваў, гледзячы на іншых ягнятак, чыя шорстка была беласнежная, без адзінай плямкі. Джошуа сумаваў, бачучы, што ў іншых ягнятак ёсць мамы і таты — ён быў сірата.

Але больш за ўсё Джошуа сумаваў, гледзячы, як іншыя ягняты бегаюць і скачуць — сам ён гэтага рабіць не мог. З нараджэння адна ножка ў яго была пакалечана, і ён кульгаў. Напэўна таму ён заўсёды назіраў, як бегаюць і гуляюць іншыя ягняткі. Яму было сумна і самотна — але толькі не з Абігайль.

Абігайль была лепшым сябрам Джошуа, праўда мала падобная да ягня. Гэта была старая рабая карова. Шэрсць яе была ў вялікіх белых плямах, падобных на лужыны пасля дажджу. Жывот — круглы як бочка, а голас заўсёды мяккі і добры.

Больш за ўсё Джошуа любіў праводзіць час з Абігайль. Шмат гадзін яны праводзілі на ўзгорку, разглядаючы даліну. Яны ўяўлялі, быццам падарожнічаюць ў далёкіх краінах. Але асабліва Джошуа любіў слухаць, як Абігайль распавядае пра зоркі.

Яны былі добрымі сябрамі. Але нават з такім сябрам як Абігайль, Джошуа ўсё ж часам сумаваў. Ён сумаваў, таму што быў адзіным ягня, якое не ўмела бегаць, скакаць і гуляць у гульні на траўцы. У такія хвіліны Абігайль, павярнуўшыся да яго, казала: «Не сумуй, маленькі Джошуа. Для тых, хто адчувае сябе пакінутым, у Бога ёсць асаблівае месца».

Джошуа хацеў ёй верыць. Але гэта было цяжка. Часам ён адчуваў сябе зусім адзінокім. Так было і ў той дзень, калі пастухі вырашылі адагнаць авечак з ягнятамі ў суседнюю даліну, дзе было больш травы. Статак так даўно заставаўся на адным месцы, што ў даліне травы амаль не засталося. Авечкі ўзрадаваліся, калі пастух абвясціў, што яны пойдуць на новую пашу. І вось нарэшце ўсе гатовыя, Джошуа таксама прыдыбаў і заняў месца з краю чарады. А ўсе сталі смяяцца над ім:

— Ты ходзіш занадта павольна, табе не дайсці да суседняй даліны.

— Ідзі, Капуша. Мы ніколі не дабяромся да лугоў, калі мы будзем чакаць на цябе!

— Ідзі Джошуа.

Тады ён паглядзеў на пастуха, які стаяў перад ім. «Яны маюць рацыю, мой маленькі Джошуа. Для цябе гэта занадта доўгі шлях. Ідзі, правядзі ноч у хляве».

Джошуа доўга глядзеў на чалавека. Потым павярнуўся і павольна пакульгаў прэч. Узлезшы на вяршыню ўзгорка, Джошуа глядзеў уніз туды, дзе ішлі авечкі, кіруючыся на зялёную пашу. Ніколі раней ён не адчуваў сябе такім пакінутым. Вялікая сляза пакацілася з вачэй, скацілася па носе і ўпала на камень.

У гэты момант ён пачуў па-за сабой голас Абігайль. Яна сказала тое, што казала заўсёды, калі Джошуа сумаваў: «Не сумуй, маленькі Джошуа. У Бога ёсць асаблівае месца для тых, хто адчувае сябе пакінутым». І двое сяброў разам адправіліся ў хлеў. Да таго часу калі яны дабраліся да адрыны, сонца, падобнае на вялікі апельсін, ўжо садзілася. Джошуа і Абігайль зайшлі ў хлеў і ўзяліся есці сена з кармушкі.

Яны моцна хацелі есці, і яно здавалася ім вельмі смачным.

«Кладзіся спаць, сябра» — сказала Абігайль, калі яны пакончылі з ежай. «У цябе быў цяжкі дзень». Джошуа стаміўся. Ён лёг у куце на салому і зачыніў вочы. Ён адчуваў за спіной Абігайль і быў рады, што яна яго сябар.

Неўзабаве Джошуа заснуў і спачатку спаў так моцна, згарнуўшыся клубочкам каля спіны Абігайль. У сне ён бачыў, быццам бегае і скача як іншыя ягняты, быццам гуляе з Абігайль па даліне, быццам знаходзіцца там, дзе не адчувае сябе пакінутым.

Нечакана яго разбудзіў дзіўны шум.

«Абігайль», — прашаптаў ён — «Прачніся. Мне страшна».

Абігайль прыўзняла сваю вялікую галаву і агледзелася вакол.

У хляве было цёмна, і толькі маленькая лямпа вісела на сцяне. «Тут нехта ёсць». — прашаптаў Джошуа.

Яны паглядзелі ў той кут хлява, што быў цьмяна асветлены лямпай. Там у кармушкі на свежым сене ляжаў малы. А побач з кармушкай таксама на сене адпачывала маладая жанчына.

Джошуа зірнуў на Абігайль, чакаючы ад яе тлумачэнняў таго, што адбываецца. Але Абігайль была здзіўленая не менш яго. Джошуа зноў паглядзеў на жанчыну з дзіцём, а потым, кульгаючы, перасёк хлеў. Ён спыніўся побач з жанчынай і зазірнуў дзіцяці ў твар. Немаўлятка плакала. Яму было холадна.

Жанчына ўзяла яго і паклала яго побач з сабой. Джошуа агледзеў хлеў ў пошуках чаго-небудзь, што магло бы сагрэць малога. Звычайна тут былі коўдры. Але сёння пастухі ўсё забралі, выпраўляючыся ў даліну.

І тады Джошуа падумаў пра сваю мяккую, цёплую шорстку. Асцярожна ён падышоў і скруціўся ў клубок побач з малым.

«Дзякуй, ягнятка». — пяшчотна сказала мама.
Калядная гісторыя для самых маленькіх

Дзіця неўзабаве перастала плакаць і заснула.

Тым часам у хлеў увайшоў мужчына, несучы ў руцэ некалькі рагожак.

«Прабач, Марыя. Гэта ўсё, што я змог знайсці». — патлумачыў ён. «Усё добра». — адказала яна. — «Гэты маленькае ягнятка сагрэла новага Цара».

Цара? Джошуа зірнуў на немаўля і здзівіўся пачутаму.

«Яго клічуць Езус». — сказала Марыя, як быццам яна ведала пытанне Джошуа.

«Сын Чалавечы. Ён прыйшоў з Нябёсаў, каб сказаць нам пра Бога».

У дзвярах пачуліся галасы. Гэта былі пастухі — тыя, хто пакінулі Джошуа дома. У іх былі вялікія здзіўленыя вочы, яны былі збянтэжанымі.

«Мы ўбачылі яркае святло і пачулі анёлаў ..!» — загаварылі яны.

Потым убачылі Джошуа побач з дзіцём. «Джошуа! Ты ведаеш, хто гэты малы?»

«Цяпер ведае» — гэта казала маладая жанчына. Яна глядзела на Джошуа і ўсміхалася: «Гасподзь пачуў твае малітвы, маленькае ягнятка. Гэтае Дзіця — Яго адказ».

Джошуа паглядзеў на дзіця. Ён раптам здагадаўся, што гэта — асаблівае Дзіця і гэта — асаблівае імгненне. Акрамя таго, ён зразумеў, чаму ён нарадзіўся кульгавы. Калі б ён быў падобны на іншых, ён быў бы зараз у даліне. А паколькі ён быў не такі як іншыя, ён знаходзіўся ў хляве, сярод першых, якія віталі прыход Езуса ў гэты свет.

Джошуа падышоў да Абігайль і лёг побач са сваёй сяброўкай. «Ты мела рацыю». — сказаў ён ёй. — «У Бога ёсць асаблівае месца для мяне».

 Макс Лукада, grodnensis.by

для друку для друку