Каляднае віншаванне Біскупа Віцебскага Алега Буткевіча

“Хвала на вышынях Богу, а на зямлі супакой людзям добрай волі!”

Гэтым спевам Анёлаў была абвешчана радасная навіна пра нараджэнне ў горадзе Давідавым Бэтлееме Божага Сына. Кожную нядзелю святы Касцёл паўтарае гэты гімн, нагадваючы свету праўду аб прысутнасці Бога на зямлі. “Слова сталася Целам і пасялілася між намі…” (Ян 1, 14). Яно нясе свету радасць даравальнай Божай Любові, якая ніколі не пакідае чалавека. Мы пакліканыя прыняць яе ў сваё жыццё і навучыцца дзяліцца ёю з іншымі, такім чынам заносячы святло Бэтлеемскай зоркі тым, хто знаходзіцца яшчэ ў змроку нянавісці, недаверу, самоты, безнадзейнасці.

Свята Божага Нараджэння – гэта асаблівы час, калі мы прыгадваем, што зямля не проста прымае Божага Пасланніка, але становіцца Яго жытлом ужо назаўсёды. У такім “суседстве” не можа чалавек адчуваць сябе самотным і пакінутым, ён не павінен планаваць злачынства і крыўды. Аднак гэтае “суседства” становіцца адчувальным толькі праз тых, хто па прыкладзе Дзевы Марыі згаджаецца на Божую волю, прымаючы шчырым сэрцам Добрую Вестку.

Няхай Божае Нараджэнне прынясе нам так патрэбны спакой і духоўную сілу, каб зло, якое існуе ў свеце, не знаходзіла больш месца у сэрцах людзей. Бо іх сэрцы прызначаныя быць утульнай калыскай для Збаўцы, Каторы прыходзіць у гэты свет. А прынесеныя Ім бласлаўленне і ласка няхай будуць крыніцай радасці і трывалай надзеі!

Са Святам Божага Нараджэння!

+ Алег Буткевіч,
Біскуп Віцебскі

для друку для друку