- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Каляднае віншаванне біскупа Алега Буткевіча

bp_butkevich [1]Дарагія браты і сёстры ў Хрысце,
паважаныя жыхары і госці нашай сінявокай Бацькаўшчыны!

Хрысціянскі свет уваходзіць у святкаванне Вялікай Падзеі – Нараджэння Божага Сына. Падзея, якая перакрочвае межы часу, і мы не толькі ўспамінаем Нараджэнне Хрыста, мы зноў і зноў сустракаем з’яўленне Бога ў гэтым свеце. Такой ёсць наша вера. Вера ў Бога няспынна прысутнага сярод нас – сёння ўжо не ў выглядзе чалавека, але дзякуючы таму, што калісьці нарадзіўся як Чалавек, прагне заставацца з намі і ў нас. Мы – яго Святыня. Нашае цела – Ягоны Храм, а душа – Яго Уласнасць.

Ці памятаем мы пра гэта сёння, калі столькі клопатаў паглынае наш час, а страх і непакой перапаўняюць душу? Ці можа разлічваць, стукаючыся сёння ў нашае сэрца праз сумленне, Божы Сын прынамсі на невялікі куток з халоднай падлогай, як у той Бэтлеемскай стайні? Ці для нас гэта неабыякава?

І няхай не будзе нам перашкодай той факт, што нашае сэрца яшчэ не такое чыстае і ўтульнае. Хрыстос не прыйшоў, каб судзіць ці абвінавачваць нас. Ён прыйшоў ратаваць. Нам трэба толькі паверыць ў Яго бязмежную Міласэрнасць, у Яго вялікую Любоў, дзякуючы якой яшчэ існуе гэты свет. Гэта вельмі важна.

Мы павінны сёння абудзіцца як хрысціяне, падобна да тых пастушкоў, што на заклік анёлаў пайшлі шукаць Нованароджанага Збаўцу ў Бэтлееме, каб наша вера магла ўратаваць гэты свет ад бяды. Бо толькі вера ў Бога, Які ёсць Любоў, можа супрацьстаяць фанатызму, у імя чаго і сёння яшчэ забіваюць людзей. Спыніць гэта можа толькі ўсёпрабачальная Божая Міласэрнасць, якая дзейнічае праз тых, хто ў Яе паверыў.

Няхай святло Бэтлеемскай зоркі пакажа нам шлях да тых каштоўнасцей, якія падараваў нам Усемагутны праз Цуд у звычайнай палесцінскай стайні, а збудаванае на іх жыццё хай нясе радасць і супакой усім людзям добрай волі. Радасці, святла і супакою ад Нованароджанага Збаўцы! Са святам!

+ Алег Буткевіч,
біскуп Віцебскі