Каляднае святкаванне

kaliadnae_spatkanneСвята Хрыстовага Нараджэння, якое ў Беларусі святкуецца двойчы, напаўняе нашыя дамы радасцю. Гэта цёплы час сустрэч старых сяброў і незабыўныя моманты, якія даюць нам надзею на наступны год. Аднак не будзем забываць, што калядная радасць пачалася са згоды маладой жанчыны прыняць Божую волю.

Было гэта больш за дзве тысячы год таму. Бог паслаў анёла ў мястэчка Назарэт да Дзевы Марыі. Анёл сказаў ёй, што яна народзіць Хрыста. Такім чынам Бог аб’яўляе ёй сваю волю і чакае адказу. Бог заўсёды чакае адказу чалавека і ніколі не прымушае нешта рабіць. Ад згоды Марыі залежала выкананне Божага плану. Багародзіца з’яўляецца для нас прыкладам выканання Божай волі. Добра перажыве святы той, хто перажыве іх, як Дзева Марыя.

Часта нам здаецца, што мы толькі слабыя людзі і знаходзімся ў зусім іншай сітуацыі, чым Хрыстовая Маці, таму нас нельга з ёй параўноўваць. Клопаты штодзённасці забіраюць сілы, і мы забываем пра Бога і Яго моц. Бог можа заўсёды прыйсці да чалавека, выбіраючы для гэтага любы спосаб і ўваходзячы ў нашыя планы.

Паспрабуйма, нягледзячы на перадсвяточную заклапочанасць, затрымацца. Зазірнём у сваё сэрца.

Ці мы знойдзем у ім прагненне сустрэцца з Божай таямніцай? Ці чакаем мы прыходу Хрыста? Шмат часу мы прысвячаем стаянню ў чэргах, выбіраючы падарункі. Мы ўпрыгожваем свой дом і наводзім у ім парадак. Але ўсё гэта будзе марна, калі мы забудзем адкрыць сваё сэрца Богу. Без Бога чалавек не знаходзіць сапраўднага шчасця. Пра гэта Папа Рымскі Бэнэдыкт XVI выказаўся такім чынам: “Бог не хоча парушыць чалавечае жыццё. Ён нічога не забірае, а ўсё дае. Хто Яму аддаецца, атрымлівае ў сто разоў больш. Хто ўпускае Хрыста, той нічога не губляе, абсалютна нічога, што робіць яго жыццё свабодным, прыгожым і вялікім”.

Можна задацца пытаннем: “Што рабіць у сітуацыі, калі мы заўважаем слабасць іншай асобы? Як праявіць сваю адказнасць за іншага?” Неабходна набрацца цярплівасці.

У вясковым доме аднаго старога чалавека віселі два абразы. Яны абодва з часам пацямнелі, таму гаспадар вырашыў іх аднавіць. Ён узяў нож і пачаў ачышчаць першы, наносячы яму глыбокія “раны” і толькі пагаршаючы яго стан. Другую ж ікону гаспадар аднаўляў павольна і далікатна, ужываючы адмысловыя сродкі. Асуджаючы, пастаянна крытыкуючы іншых, мы наносім ім раны, а не дапамагаем узняцца са слабасцей. Чалавек быў запраграмаваны на бясконцасць, і толькі бясконцасць можа яго цалкам задаволіць. Няхай тыя ўзнёслыя прагненні, якія нам цяпер спадарожнічаюць, смела будуць рэалізаваныя ў надыходзячым каляндарным годзе.

Ксёндз Кірыл Бардонаў, ng.sb.by

для друку для друку