Калумбія: неабходна забіваць камароў, якія распаўсюджваюць вірус Зіка, а не дзяцей

virusЕпіскапат Калумбіі раскрытыкаваў прапанову ААН рабіць аборт цяжарным жанчынам, заражаным вірусам Зіка, паведамляе Credo.

Як вядома, трапічная ліхаманка Зіка імкліва распаўсюджваецца па свеце. Пачалося ўсё ў Паўднёвай Амерыцы, зараз выпадкі захворвання ўжо зафіксавалі сярод вандроўнікаў з Еўропы і Расіі.

Вірус разносяць трапічныя камары. Пакуль вакцыны і лекі ад віруса Зіка не існуюць. У дарослых людзей ліхаманка праходзіць з сімптомамі прастуды і пачырваненнем на целе, а часам наагул без сімптомаў.

Паведамляецца, што ў рэгіёнах захворвання пачалі фіксаваць у ненароджаных дзяцей, калі маці перахварэла ліхаманкай падчас цяжарнасці, прыроджаныя дэфекты. Аднак Сусветная арганізацыя аховы здароўя не пацвярджае гэтай сувязі.

ААН заклікала лацінаамерыканскія краіны дазволіць аборты ў сувязі з ліхаманкай.

Намеснік сакратара калумбійскага епіскапату адзначыў, што трэба працаваць для перадухілення хваробы. «Варта забіваць камароў, якія яе пераносяць, а не нявінных дзяцей», – сказаў прадстаўнік епіскапату а. Пэдра Мэркада.

Міністэрства аховы здароўя Калумбіі таксама выступіла супраць абортаў, як «сродка перадухілення» віруса Зіка. Дадаецца, што ў асноўным заражэнне цяжарных жанчын не прыводзіць да прыроджаных заганаў у дзяцей.

Раней прадстаўнік Ватыкана ў ААН падкрэсліваў, што забойства дзяцей не можа быць прафілактыкай віруса Зіка.

для друку для друку