29 снежня пры парафіі Святой Тройцы сёстры францішканкі Сям’і Марыі разам з валанцёрамі арганізавалі невялічкі калядны пачастунак і гарачую гарбату для бяздомных.
30 снежня ў парафіяльным доме адбылася калядная сустрэча для сем’яў горада, якія часам не заўсёды могуць дазволіць сабе і сваім дзецям нешта лепшае. Дзякуючы парафіяльнаму камітэту і супрацоўніцтву з сацыяльнымі работнікамі, гэтыя сем’і былі запрошаны на вечарыну. Гэта не толькі конкурсы, танцы і забава. Першапачаткова кс. Мікалай Ціхановіч распавёў пра традыцыю і звычаі святкавання Божага Нараджэння. Адбылося дзяленне аплаткам паміж усімі прысутнымі, дзеці і моладзь парафіі прадставілі невялічкі канцэрт, а пасля завітаў і сам св. Мікалай з падарункамі.
Спонсарамі гэтых акцый сталі ахвярадаўцы са Швейцарыі і Польшчы, якія пажадалі падзяліцца каляднай радасцю з беднымі і малазабяспечанымі.
Марына Сінкевіч
