Калядная сустрэча духавенства Віцебскай дыяцэзіі прайшла ў Наваполацку

20 снежня святары і сёстры прыбылі ў Наваполацк, каб памаліцца з біскупам Алегам Буткевічам і скласці пажаданні з надыходзячымі Калядамі. Парафія Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса гасцінна расчыніла дзверы свайго храма для гасцей.

Такія духоўныя сустрэчы адбываюцца штомесяц, але гэта была своеасаблівая – святочная.

Падчас адарацыі духавенства і кансэкраваныя асобы маглі ў цішыні прадставіць Езусу свае клопаты і парафіяльныя справы. У гэты час кожны мог скарыстаць з магчымасці сакраманту споведзі і пакаяння.

Святую Эўхарыстыю цэлебраваў біскуп Алег Буткевіч. Прывітаўшы прысутных, ва ўступным слове іерарх нагадаў, што “трываем ужо фактычна ў гэтай радасці спаткання з надыходзячым Збаўцам і дзякуем Богу за магчымасць сабрацца сёння тут разам на супольнай малітве”.

Падчас Імшы ардынарый асабліва маліўся ў інтэнцыі, каб кожнае намаганне святара і манахіні прыносіла духоўную карысць людзям, а таксама павялічвала асабістую сувязь з Богам.

Прамаўляючы Божае слова, біскуп Алег засяродзіў увагу на тэме Божай любові да кожнага чалавека, якой часта святары навучаюць сваіх парафіянаў. “ Кніга прарока Осіі мае пранікнёныя словы, калі Пан Бог кажа: “Я ж вучыў хадзіць Эфраіма, на Свае рукі браў яго, быў для яго як той, хто падносіць немаўля да свайго твару”. У часе святаў варта ўявіць сябе даслоўна ў руках Нябеснага Айца, уявіць дотык да Яго твару, да Яго сэрца. Усвядоміць сабе, што Яго падыход да мяне, перадусім, падыход любячага Айца. Варта запытацца: якія ёсць мае адносіны да Бога, што мяне з Ім звязвае? Пачуццё страху ці любоў? Ці з’яўляецца мая паслуга ўзаемнасцю на любоў, якую аказвае Усемагутны Бог?”

Любоў Божая не змяншаецца з-за таго, што я чалавек недасканалы і можа раблю не так як павінен. Яна заўсёды аднолькавая – бязмежная і такая, што калісьці Божага Сына прывяла на крыж. Любоў, якую Бог мае да мяне. Паспрабуем сёння, ламаючыся аплаткам, абудзіць у сабе тое пачуцце да іншага чалавека, што гэта сапраўды мой брат, мой сябра, гэта той, каго любіць Бог, а таму і з майго боку павінна быць прынамсі прабачэнне і акт зычлівасці да гэтага чалавека”, — пажадаў іерарх.

Пасля св. Імшы адбылася кароткая сустрэча, падчас якой біскуп Алег шчыра прывітаў у Віцебскай дыяцэзіі новыя твары: а. Алега Вайцяховіча  OFMCap  (Докшыцы), с. Марыю Пія Трапачову CR (Наваполацк) і с. Ігнацыю Чаеўскую MSF (Параф’янава) і пажадаў плённага служэння ў парафіях, а канцлер кс. Віктар Місевіч пазнаёміў прысутных з запланаванымі падзеямі на надыходзячы 2019 год. Пасля святары, законныя сёстры, журналісты і біскуп дзяліліся аплаткам і выказвалі самыя шчырыя пажаданні адзін аднаму.

Марына Сінкевіч, тэкст і фота

для друку для друку