Калядная ёлка ў Ватыкан прыедзе з паўночнага ўсходу Італіі

Вялікая калядная ёлка на плошчу св. Пятра ў Ватыкане, а таксама меншыя, у рэзідэнцыі Францішка і Бэнэдыкта XVI, прыедуць сёлета з Альтап’яна-дзі-Азіяга, што ў правінцыі Вічэнца на паўночным усходзе Італіі.

Ахвяруе святочныя дрэвы кансорцыум Ротца, Пэдэскала і Сан-Пьетра.

Самая велічная ёлка будзе стаяць на галоўнай ватыканскай плошчы, адкуль мільёны людзей па ўсім свеце змогуць убачыць яе праз тэлебачанне, напрыклад, падчас нядзельных трансляцый малітвы “Анёл Панскі” з Папам. Яшчэ некалькі меншых дрэў аздобяць двор Ватыканскіх музеяў, прыватныя апартаменты Францішка ў Доме св. Марты і пакоі Бэнэдыкта XVI у былым кляштары Mater Ecclesia.

Трэба нагадаць, што, яшчэ як кардынал, Бэнэдыкт XVI наведваў Альтап’яна, калі браў удзел у тэалагічнай канферэнцыі ў суседнім горадзе Роана.

Калядныя ёлкі з лясоў рэгіёну Вэнэта прыедуць у Ватыкан упершыню. Некалькі дзён таму прадстаўнік адміністрацыі Ватыканскіх садоў наведаў гэты раён, каб разам з гаспадарамі выбраць адпаведныя дрэвы.

Звычай размяшчаць ёлку на галоўнай ватыканскай плошчы быў уведзены ў 1982 г. св. Янам Паўлам II, і ідэя вельмі хутка атрымала шырокае прызнанне як рымлян, так і турыстаў і замежных пілігрымаў. Першапачаткова дрэвы прывозілі з італьянскіх лясоў, але іншыя краіны хутка далучыліся да кампаніі, разглядаючы ахвяраванне ёлкі Пантыфіку як гонар і адначасова як магчымасць прасоўвання свайго рэгіёна.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку