Каля 200 унікальных кніг Бібліі прадстаўлена на выстаўцы ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

У Беларусь упершыню прыбылі каштоўныя рарытэты сусветнага значэння: каля 200 унікальных рукапісаў і старадрукаў, якія адлюстроўваюць гісторыю стварэння, распаўсюджвання і захавання Бібліі.

20 верасня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі (НББ) распачала дзейнасць міжнародная выстава «Беларусь і Біблія», прысвечаная самай вядомай і ўплывовай кнізе.

На ўрачыстасці прысутнічалі прадстаўнікі Каталіцкага Касцёла, Праваслаўнай Царквы, пратэстанцкіх супольнасцяў, святары і пастары, габрэйскія духоўныя кіраўнікі, прадстаўнікі дзяржаўных структур.

На выставе можна ўбачыць выданні Бібліі розных канфесій на розных мовах свету — помнікі сусветнага значэння, многія з якіх ніколі раней не экспанаваліся ў краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

Біблія Скарыны, якая ляжыць, як на алтары, у Музеі кнігі ў Нацыянальнай бібліятэцы, прыцягвае да сябе, а разам з ёй – найбольш старажытныя асобнікі Святога Пісьма з розных краін.

Дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Раман Матульскі адзначыў, што асноўнай місіяй асветніцкай установы з’яўляецца захоўванне духоўнай спадчыны і дэманстраванне агульначалавечых здабыткаў, якія перамяняюць свет да лепшага.

«Біблія з’яўляецца дзейсным Словам Божым, дадзеным нам для духоўнага перамянення. Выстаўка будзе спрыяць міжканфесійнаму дыялогу», – запэўніў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Дабраслаўленне важнаму мерапрыемству ад Мітрапаліта Паўла перадаў протаіерэй Сергій Гардун, член Біблейскай Камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.

«Выстава непаўторная тым, што ўпершыню яна дэманструе ўсю гісторыю стварэння і распаўсюджвання Бібліі. Падобная экспазіцыя дзейнічала пакуль толькі ў Ганконгу. І вось выбар выпаў на Беларусь, таму што наша краіна адзначала летась 500-годдзе беларускай Бібліі», – паведаміў супрацоўнік інстытута гісторыі НАН Андрусь Унучак.

Дзейнасць выставы стала магчымай дзякуючы кантактам, якія ўсталяваліся паміж Нацыянальнай бібліятэкай і амерыканскімі даследчыкамі падчас дэманстравання ў ЗША факсіміле «Кніжнай спадчыны Францыска Скарыны» ў 2017 годзе.

Арганізатарамі выставы выступілі Нацыянальная бібліятэка Беларусі і «Група даследвання рукапісаў» (ЗША).

Вялікую цікавасць прадстаўляюць Паліглоты – шматмоўныя Бібліі. Лонданская Паліглота 1653-1656 гг. утрымлівае адначасова тэксты на іўрыце, сірыйскай, арамейскай і іншых мовах.

Адзін з тэматычных раздзелаў выставы прысвечаны гісторыі Бібліі на беларускіх землях. Кніжны фонд НББ дазволіў прадэманстраваць рукапісныя Торы, Слуцкае і Тураўскае Евангеллі, кнігі Апосталы XVІ–XXІ стагоддзяў, выданні Францішка Скарыны і яго паслядоўнікаў, шэдэўры выдавецкага мастацтва знакамітых друкароў, пераклады біблейскіх тэкстаў на беларускую і еўрапейскія мовы, а таксама прыклады мастацкага афармлення Святога Пісання майстрамі XVІ–XXІ стст.

«Беларуская кніжная традыцыя грунтуецца на Бібліі, – адзначыў Алесь Суша. – Біблія – кніга, якую перапісвалі найбольш. Таму мы збіраем яе асобнікі і знаёмім з імі наведвальнікаў».

Археолаг і гісторык доктар Скот Кэрал і яго жонка Дэніс прыбылі са штата Мічыган (ЗША). У сям’і чацвёра дзяцей і столькі ж унукаў. Доктар Скот з’яўляецца дырэктарам даследчага цэнтра, вывучае старажытныя рукапісы, працуе са студэнтамі. Ён праводзіў раскопкі ў Егіпце і іншых краінах свету.

Археолаг паведаміў, што выстава будзе дэманстравацца восенню і зімой у Эрмітажы, а таксама ў Маскве ў памяшканні Дзяржаўнай Думы.

«Нам даецца магчымасць напоўніць сябе Духам Святым, паглыбіць нашу веру і веды ў гісторыі найбольш уплывовай кнігі чалавецтва», – адзначыў адзін з праваслаўных святароў.

Эла Дзвінская, Catholic.by
Мікола Новікаў, фота

для друку для друку