Калі разбіраць ёлку?

Ад Божага Нараджэння ўжо мінула трохі часу, аднак у многіх дамах усё яшчэ бачым ёлкі і святочныя ўпрыгожванні. Аднак набліжаецца дзень, калі яны павінны знікнуць — да наступных Каляд.

На самым пачатку — трохі гісторыі. Перыяд Божага Нараджэння ў Касцёле пачынаецца ў Вігілійны вечар 24 снежня і працягваецца да нядзелі пасля 6 студзеня (урачыстасці Аб’яўлення Пана), гэта значыць нядзелі Хросту Пана. Усе чытанні, якія можна пачуць на святой Імшы, тычацца ў гэтыя дні таямніцы ўцелаўлення і аб’яўлення Бога.

Хоць у святынях бачым ёлкі, убраныя (пераважна) у электрычныя гірлянды, а часам яшчэ і калядкі можна пачуць, то de facto мы ўжо знаходзімся ў Звычайным перыядзе, лёгка можна распазнаць па зялёнаму колеру літургічных шатаў святара за алтаром.

Ну дык калі можна разбіраць ёлку?

Шмат што залежыць ад нас саміх і ад выгляду ёлкі, якую маем. Калі гэта сапраўднае дрэва, то разборка цацак будзе звязана з колькасцю ігліцы на падлозе або па дыванах…

У выпадку штучнай ялінкі дома яе можна трымаць і да вядомага з анекдотаў мая, але тады яна проста не будзе падыходзіць да велікоднага ўпрыгожвання дома.

Ёсць тры варыянты:

  1. Урачыстасць Аб’яўлення Пана — 6 студзеня, так званае свята Трох Каралёў. Хоць у нашых умовах складана ўявіць, што нехта разбірае ёлку якраз перад «усходнімі Калядамі».
  2. Першая нядзеля пасля 6 студзеня, або нядзеля Хросту Пана. Цалкам прыдатны момант разабраць ёлку, калі яна вам перашкаджае. Аднак, зноў жа, у нашых умовах цяжка ўявіць, каб хтосьці прыбраў ялінку раней за «стары новы год».
  3. 2 лютага — свята Ахвяравання Пана ці так званае свята Маці Божай Грамнічнай.

Маці Божай Грамнічнай. Што гэта за свята?

Святкаванне дня Ахвяравання Панскага ўвёў Папа Гелазій I (†496). Яно звязана з евангельскім апісаннем ахвяравання Езуса ў Храме.

Праз 40 дзён пасля нараджэння Юзаф і Марыя прынеслі немаўля ў храм, для выканання абраду ахвяравання, прадпісанага законамі Старога Запавету. У гэты час старац Сімяон пазнаў у немаўляці Месію.

Гэтае свята завяршае цыкл святкавання Каляд. У святынях разбіраюць дэкарацыі, а ў дамах — ёлкі, перастаюць спяваць калядкі і завяршаецца перыяд пастырскіх наведванняў па хатах.

У той дзень у храмы прыносяць для асвячэння васковыя свечкі, якія затым нясуць у працэсіі. Гэта сімвал чалавечай прыроды Сына Божага, а таксама сімвал веры, надзеі і любові, з якімі хрысціянін павінен ісці за Хрыстом.

Свечкі называюць грамніцамі, таму ад іх свята ў народзе называецца Маці Божай Грамнічнай. Грамніцы запальваюць у час навальніцаў, якія суправаджаюцца моцным ветрам, маланкамі і грымотамі, каб апека Маці Божай выратавала ад небяспекі стыхіі. У храмах іх запальваюць падчас Імшаў і набажэнстваў, напрыклад, пры ўдзяленні сакрамантаў (за выключэннем Сакраманту паяднання), на працэсіях і іншых літургічных цырымоніях.

Вось і адказ — самы зручны момант разбіраць ёлку будзе ў пятніцу, 2 лютага. Альбо ў выхадныя пасля свята Ахвяравання Пана!

Пераклад catholicnews.by з сайта credo.pro

для друку для друку