Калі нехта моліцца на ружанцы, д’ябал злуецца (сведчанне былога сатаніста)

Дэвід Арыяс

“Калі нехта моліцца на ружанцы, д’ябал злуецца!” — кажа чалавек, які правёў чатыры доўгія і змрочныя гады ў сатанінскай секце.

Дэвід Арыяс нарадзіўся  ў Мехіка, але ва ўзросце 16 гадоў ён пераехаў у Каліфорнію. Там праз школьных сяброў ён трапіў у пастку знакамітай акультнай гульні “уіджа” (“oiujay”), і сябры намовілі яго выкарыстоўваць гэтую дошку для акультных практык на могілках, для кантактаў з дэманамі.

Хоць хлопчык і вырас у сям’і «каталіцкай культуры», ён распавядае, што часта сварыўся з бацькамі і сваякамі, і  характарызуе сябе як «неспакойнага духам».

Праз слабае ўгрунтаванне веры, новыя аднакласнікі Дэвіда лёгка ўгаварылі яго ўдзельнічаць у таемных забавах, якія суправаджаліся ўсялякай сэксуальнай распушчанасцю і бесперашкодным ужываннем алкаголю і наркотыкаў.

Неўзабаве яго запрасілі ў закрытую суполку, якая сама сябе называла «касцёлам д’ябла». У гэтую групу ўваходзілі людзі розных сацыяльных слаёў грамадства, розных нацыянальнасцей і розных узростаў, пачынаючы ад тых, хто проста апранаўся ў чорны колер і фарбаваў вочы і вусны ў чорны колер, і заканчваючы тымі, пра каго Дэвід казаў, што «выглядаюць як ўлада» — урачы, юрысты, інжынеры …

У шаснаццаць гадоў Дэвід належаў да самых маладых удзельнікаў групы. Група імкнулася абысці паліцыю і пагражала смерцю кожнаму члену суполкі, які раскрые інфармацыю пра іх сакрэтныя ўнутраныя практыкі.

Дэвід правёў чатыры доўгія гады ў гэтай секце. Гэта, як ён сам акрэсліў, «унутраная пустэча» прымусіла яго адмовіцца ад гэтага змрочнага ладу жыцця і вярнуцца да Бога і сваёй каталіцкай веры.

Пасля свайго навяртання Дэвід ажаніўся, у яго нарадзіліся дзеці, ён пачаў актыўна ўдзельнічаць у жыцці парафіі, дзяліцца сваім змрочным досведам, асабліва сярод каліфарнійскай іспанамоўнай супольнасці.

Сёння Дэвід Арыяс заклікае бацькоў быць больш уважлівымі да сваіх дзяцей, «якія маюць вельмі лёгкі доступ да многіх небяспечных рэчаў».

Былы сатаніст раіць удзельнічаць у святой Імшы, рэгулярна спавядацца і маліцца на ружанцы. Ён падкрэслівае: «Ружанец мае вялікую сілу! Калі нехта моліцца на ружанцы, д’ябал злуецца! «

Пераклад Вікторыі Колзун, catholicnews.by

Паводле aleteia.org

для друку для друку