Каханне і побыт

siamjaКажуць, што пачуцці паміж сужэнцамі з часам трацяць сваю прыгажосць. І прычына тут у  побыце. А што на гэты конт думаюць маладыя сем’і?

Indre i DenicДзяніс і Індрэ:

Індрэ: Штодзённы побыт робіць жыццё крыху сумным і аднабаковым. Але змагацца з гэтым заўсёды трэба толькі разам. Нам з мужам заўжды дапамагаюць супольныя мерапрыемствы. Я вельмі імпульсіўны чалавек. Сядзець на адным месцы – гэта не пра мяне. А муж, мне здаецца, наадварот, больш спакойны і ўраўнаважаны. Здавалася б, агульнага ў нас не так шмат, але з дапамогай Госпада мы робім нашае жыццё насычаным і цікавым. З пяцігадовага вопыту нашых сямейных адносін магу сказаць, што самае галоўнае – праз усе складанасці праходзіць разам. Калі гэтага не будзе, то пачнуцца недагаворкі і крыўды. Нарыклад, я веру ў асобны адпачынак, вечар з сяброўкамі ў кавярні, а вось у доўгае расстанне і адпачынак адно ад аднаго – не. Штодзённасць прыходзіць ад дрэнна пастаўленых прыярытэтаў. Кожны год мы ходзім у пілігрымку да Маці Божай Тракельскай. Гэта найлепшыя рэкалекцыі для нашай сям’і.

Дзяніс: Для мяне самае галоўнае, каб мае жонка і сыночак атрымлівалі ад мяне як мага больш увагі, каб яны былі шчаслівыя побач са мною. Канешне, я шмат часу праводжу на працы, Індрэ злуецца, але мы знаходзім кампрамісы. Разам гуляем па вечэрніх вуліцах, п’ём каву. Гэта нашы любімыя “рытуалы”. Не кажу, што наша сям’я – прыклад для пераймання, але з Божай воляй у нас усё добра. Бываюць сваркі і непаразуменні, але праз супольную малітву і любоў да Бога ўсе цяжкасці можна пераадолець. Галоўнае – не аддаляцца адно ад аднаго.

Alaksej i WiktoryjaАляксей і Вікторыя Філіпенкі:

Аляксей: Шлюб – гэта вольны саюз мужчыны і жанчыны, які створаны Богам для супольнага дабра. Прыемна, калі Віка нешта робіць для мяне, і калі я штосьці ахвярую для яе. Так мы выконваем прызначэнне шлюбу, якое даў Госпад. Для таго, каб уладкаваць асноўныя бытавыя пытанні, патрэбна некалькі рэчаў: прыгатаваць ежу, памыць посуд, вынесці смецце, прыбраць у кватэры, памыць і папрасаваць адзенне. Усе гэтыя рэчы чалавек павінен выконваць і да шлюбу. А ўжо паміж мужам і жонкай гэтыя абавязкі можна падзяліць у залежнасці ад таго, што ў кожнага атрымліваецца лепш і каму прасцей. Таму звычайна спрэчак на гэтую тэму не ўзнікае. Больш уплываюць на адносіны ў сям’і такія рэчы: супольныя інтарэсы, заробак, наяўнасць вольнага часу. У нашай сям’і такім вялікім прыкладам, што яднае нас, з’яўляецца наведванне нядзельнай Імшы. У святыні мы не толькі перажываем асаблівую еднасць разам з супольнасцю і Богам, але і пасля службы праводзім час, натхнёныя духам хрысціянскай любові.

Вікторыя: Хачу толькі дадаць, што ў быце нашай сям’і вельмі важнай з’яўляецца адсутнасць падзелу на “мужчынскую” і “жаночую” працу. Патрэбна прыносіць у сваё жыццё маленькія радасці: рамантычную вячэру, сумесны паход да сяброў, у кіно і, безумоўна, на святую Імшу. Калі муж з жонкай будуць давяраць сваё жыццё Стваральніку, то Ён будзе напаўняць радасцю нават простыя жыццёвыя рэчы.

lawickijaАлег і Алена Лявіцкія:

– Каб існавала сапраўднае каханне, мужу і жонцы неабходна быць шчырымі і сапраўднымі, натуральнымі ў сваіх паводзінах. Калі гэтага не будзе, можна палюбіць “маску”, пад якой знаходзіцца абраннік. Ужо будучы ў шлюбе, чалавек раптам можэа зразумець, што каханне разбураецца. Гэта і ёсць той момант, калі твой абраннік знаходзіцца без “маскі”.

Калі ж закаханыя былі шчырымі паміж сабой, нішто не можа зламаць іх адносін. Сямейны быт – гэта ўвогуле элемент, які яшчэ больш развівае адносіны. Мы з мужам атрымліваем задавальненне ад таго, што часта разам набываем пэўныя рэчы ў краме, прыбіраем дома. Самае галоўнае – давяраць адно аднаму і дапамагаць ва ўсім. Сям’я – гэта не адзін чалавек, а маленькая супольнасць на ўсё жыццё.

PeradkowyАляксей і Таццяна Перадковы:

– Вопыт нашага сямейнага жыцця небагаты – ўсяго толькі паўтара года. Каханне паміж мужам і жонкай – гэта праца, самая прыемная і самая патрэбная ў жыцці. Але наколькі б добра вы ні ведалі адно аднаго, знойдзецца шмат тых рэчаў, ад якіх вам не заўсёды будзе прыемна. Асабліва гэта датычыцца побыту. Крышынкі на стале, раскіданае адзенне – усё гэта ў адзін момант можа парушыць гармонію адносін. Але пастарайцеся быць чулымі адно да аднаго, служыце вашаму мужу або жонцы, асабліва ў першыя месяцы сумеснага жыцця. Захоўвайце наказы Пана і бярыце прыклад са Святой Сям’і. Тады Госпад узнагародзіць вас бязмежным шчасцем і любоўю.

 Гутарыла Ірына Грэйць

для друку для друку