«Каб Беларусь стала месцам, дзе жыве Бог»: біскуп Алег Буткевіч наведаў варапаеўскую парафію

Пастырская візітацыя праходзіла на працягу двух дзён – 26 і 27 жніўня. У першы дзень свайго візіту іерарх наведаў вясковыя капліцы, якія размешчаныя на тэрыторыі парафіі. Галоўная Імша ў варапаеўскім касцёле адбылася ў 10 гадзін у нядзелю, 27 жніўня.

Каб сустрэць свайго пастыра, усе вернікі выйшлі з касцёла. Кандыдаты да канфірмацыі , якіх было 22 асобы, выстраіліся па двух баках шляху, па якім павінен быў прайсці іерарх. Разам з біскупам у Варапаева прыбыў і ксёндз Павел Самсонаў, які з’яўляецца дэканам Пастаўскага дэканату.

Па традыцыі іерарха сустрэлі хлебным караваем і кветкамі. Здавалася, што прыезду біскупа радаваліся не толькі вернікі, але і само надвор’е, якое ў гэты дзень было выдатным. Біскуп акрапіў вернікаў святой вадой і ўрачыста ўвайшоў у храм.

Напачатку святой Імшы іерарха прывітаў пробашч парафіі ў Варапаеве ксёндз Ежы Вільк. Ён распавёў пра гісторыю парафіі. Сёлета спаўняецца 85 гадоў, як у Варапаеве быў асвечаны першы касцёл. Было гэта ў 1932 годзе, калі, дзякуючы будаўніцтву чыгункі з Варапаева ў Друю, гэта паселішча стала актыўна развівацца.

Праўда, лёс першай святыні, як і шмат іншых храмаў Беларусі, быў трагічным. Касцёл дзейнічаў толькі 17 гадоў — з 1932 па 1949 год, а потым быў забраны ў вернікаў савецкай уладай. Праз дзесяць гадоў па загаду гэтай улады святыня наогул была разабраная, а на яе месцы пабудаваны Дом культуры.

Парафія пачала адраджацца толькі напрыканцы ХХ стагоддзя, калі змянілася дзяржаўная палітыка ў адносінах да веры. Першая Імша была адпраўлена ў Варапаеве на Божае Нараджэнне ў 1990 годзе. Тады яшчэ тут не было храма, і богаслужэнне прайшло ў непрыстасаваным для гэтага будынку.

Першым святаром, які пачаў адраджэнне парафіі, быў ксёндз Юозас Булька. Па яго ініцыятыве быў створаны касцельны камітэт, была праведзеная праца па падрыхтоўцы дакументаў, потым пачалося будаўніцтва святыні. Дарэчы, праект касцёла ў сціслыя тэрміны зрабіў грамадзянін Польшчы, які з’яўляецца ўраджэнцам гэтай парафіі. Прычым зрабіў гэта не толькі хутка, але і за сімвалічную плату. 90-я гады былі гадамі суцэльнага дэфіцыту, цяжка было знайсці будаўнічыя матэрыялы, але агульнымі намаганнямі з Божай дапамогай святыня была пабудавана. У 1997 годзе храм у Варапаеве кансэкраваў кардынал Казімір Свёнтэк.

Ксёндз Ежы Вільк узгадаў усіх святароў, якія тут працавалі, і падзякаваў ім за іх працу. Сам ксёндз Ежы працуе тут з 2015 года, спачатку вікарыем, а з мінулага года пробашчам парафіі. Ён адзначыў, што шмат удалося зрабіць дзякуючы ахвярнасці людзей. Святар таксама адзначыў, што ў парафіі шмат моладзі, што дае надзею на будучыню.

Біскуп у сваім прывітальным слове звярнуў увагу на тое, што парафія мае тытул святога Міхала Арханёла, а гэты Анёл ёсць нябесным заступнікам усёй Беларусі. І імя гэтага святога азначае “Хто ж, як не Бог”. Іерарх выказаў радасць з таго, што храм цалкам запоўнены вернікамі, прычым не толькі фізічна, але і любоўю нашых сэрцаў. Ён пажадаў усім, каб з Божай любоўю і заступніцтвам Міхала Арханёла, мы маглі пераадолець усе жыццёвыя перашкоды.

Пасля прывітальных слоў распачалася святая Імша, якую ўзначаліў віцебскі ардынарый. У сваім слове да вернікаў іерарх звярнуў увагу на тое, што дваццаць гадоў – гэта малады ўзрост для чалавека, а для храма гэта наогул юны ўзрост. Але гісторыя Касцёла на гэтай зямлі не абмяжоўваецца двума дзесяцігоддзямі, пачалася яна значна раней. На жаль, трагічны лёс закрануў не толькі сам будынак, але і лёсы саміх вернікаў.

Але няма такой сілы, якая змагла б знішчыць Касцёл на гэтай зямлі, ён змог перажыць трагічныя часы і адрадзіцца. З гэтай нагоды біскуп Алег узгадаў словы Езуса Хрыста, скіраваныя апосталу Пятру: “Ты Пётр – скала, і на гэтай скале Я збудую Касцёл свой, і брамы пякельныя не змогуць яго знішчыць.”

Іерарх узгадаў, як Езус пытаўся ў апосталаў, кім яны Яго лічаць? Гэта пытанне актуальнае і для нас, хто жыве ў ХХІ стагоддзі, і таксама шукае Бога. Сакрамант хросту, які мы прымаем у малым узросце, адзначае нашу прыналежнасць да хрысціянскай супольнасці. Але гэтага мала. Таму прымаючы сакрамант канфірмацыі, мы бярэм на сябе адказнасць перад Касцёлам за вызнаванне веры. Адказнасць не толькі за сябе, але і за іншага чалавека.

Для нас, сучасных людзей, выклікам застаецца вызнаванне веры па-за межамі касцёла. Таму сучасны свет як ніколі патрабуе такіх мужных людзей. Мы жывём у сучасным свеце, пастаянна адчуваючы дэфіцыт часу. Нам не стае яго для нашых бацькоў, нашых дзяцей, нашых блізкіх. А Бог часта наогул адыходзіць на другі план. А вось калі мы знаходзім яго для малітвы, для святой Імшы або каб проста ўкленчыць і перахрысціцца, то гэта вялікая ахвяра перад Богам, і Ён нам заўсёды за гэта аддзячыць.

Біскуп заклікаў вернікаў шанаваць працу святароў і сясцёр, заўсёды маліцца ў іх інтэнцыі. Ён падзякаваў за тыя пакліканні, якія паходзяць з гэтай зямлі і адзначыў, што іх ніколі не бывае зашмат. Трэба маліцца, каб іх было яшчэ больш. Прычым, іерарх адзначыў, што кожны чалавек мае сваё пакліканне для нейкай справы, у тым ліку і для сямейнага жыцця. “Пакліканне не з’яўляецца з неба, — падкрэсліў іерарх, — яно залежыць у першую чаргу ад атмасферы, якая пануе ў сям’і”.

Ён заклікаў маліцца за тое, каб сённяшні сакрамант канфірмацыі стаў для вернікаў знакам паяднання з Богам: «Просім гэтай ласкі, каб кожны з нас стаў мужным вызнаўцам веры, каб Беларусь, якая прайшла праз усе гэтыя выпрабаванні, стала сапраўдным домам і месцам, дзе жыве Бог.»

Пасля гэтага біскуп удзяліў сакрамант канфірмацыі, або хрысціянскай сталасці, вернікам варапаеўскай парафіі. Затым адбылася працэсія з дарамі. Іерарху паднеслі свечку як сімвал Божага святла, ружанец, Біблію, кветкі і садавіну як знак прыгажосці і шчодрасці зямлі, хлеб як сімвал жыцця, а таксама гостыю, віно і ваду, якія падчас Эўхарыстыі ператвараюцца ў Цела і Кроў Хрыста.

Напрыканцы Імшы біскуп Алег асвяціў крыжыкі, якія потым былі ўручаныя кожнаму, хто прыняў у гэты дзень сакрамант канфірмацыі. Вернікі ўручылі свайму пастыру карціну з выявай касцёла, якую напісаў мясцовы мастак. Таксама біскуп і пробашч атрымалі падзяку і кветкі ад тых, хто прыняў у гэты дзень сакрамант хрысціянскай сталасці.

Іерарх уручыў таксама лісты з падзякамі найбольш актыўным вернікам парафіі, якія шмат зрабілі для адраджэння парафіі ў Варапаеве.

Пасля Імшы адбыўся канцэрт, які падрыхтаваў ансамбль народнай музыкі і песні “Заранка” з Паставаў. А напрыканцы ўсіх чакаў пачастунак на свежым паветры, дзе бадай самым галоўным пачастункам была юшка з карпа.

А яшчэ вернікі маглі сфатаграфавацца з біскупам на памяць. Трэба адзначыць, што ахвотных было шмат і біскуп нікому не адмаўляў. Фотасесія з іерархам зацягнулася амаль на паўгадзіны.

Зміцер Лупач, тэкст
Леанід Юрык, фота

для друку для друку