Каардынатар руху «Маці ў малітве» да матуль: «Віншую Вас з вялікім дарам мацярынства»

mama14 кастрычніка ў Беларусі адзначаецца Дзень маці. З гэтай нагоды Людміла Барысаўна Губіна – каардынатар руху “Маці ў малітве” ў Беларусі распавяла “Каталіцкаму Весніку” пра сваю супольнасць і павіншавала ўсіх матуль са святам.

– Людміла Барысаўна, што сабой уяўляе рух “Маці ў малітве”?

– Дэвіз руху – “Аб’яднаўшыся ў малітве, мы выратуем нашых дзяцей”, а мэта – усведамленне кожнай маці свайго мацярынскага паклікання праз малітву, бясконцы давер Богу і даручэння свайго дзіцяці Яго абароне.

Нам часта здаецца, што мы любім нашых дзяцей больш, чым хто-небудзь іншы, бо для сапраўднай маці няма нічога даражэй за сваё дзіця. Мы агортваем іх сваёю любоўю, апекай, ласкай, радуемся калі яны смяюцца, і адчуваем боль, калі яны плачуць. Мы трывожымся за будучыню сваіх дзяцей, занепакоены, як зберагчы іх ад бед і небяспекі, якія падсцерагаюць на кожным кроку. Самым надзейным і верным спосабам абароны з’яўляецца малітва.

“Пакуль нашы вочы скіраваны на Бога, усе нашыя турботы рассейваюцца, як дым, бо мы ведаем, што Яго любоў – большая за любую праблему. …Пане, вось мае дзеці. Ты любіш іх яшчэ больш, чым я, таму што гэта Твае дзеці. Ты можаш змяніць тое, што не ў маіх сілах змяніць. Таму я аддаю іх у Тваю апеку і радуюся, бо давяраю Табе”, — так кажуць матулі і бабулі з руху “Маці ў малітве”.

– Раскажыце, калі ласка, як выглядаюць сустрэчы руху “Маці ў малітве”?

– Жанчыны збіраюцца раз на тыдзень на сустрэчу, распачынаючы яе малітвай да Святога Духа, каб Ён кіраваў гэтай сустрэчай. Потым гучаць пранікнёныя малітвы аб заступніцтве, прабачэнні і адзінстве, падзякі за дар мацярынства. Радасцю і надзеяй напаўняюць сэрцы песні праслаўлення Бога. Затым ідзе малітва аб аб’яднанні ўсіх груп “Маці ў малітве”, чытанне Святога Пісання і малітва маці за сваіх дзяцей.

У групы прыходзяць жанчыны часта са складанымі сямейнымі праблемамі і для таго, каб яны супакоіліся, “растаялі” душой, жанчыны дапамагаюць адна адной малітвай і духоўнай падтрымкай. Важна, калі мяняецца сама маці, і пасля малітвы, напоўненая Божай любоўю і супакоем, нясе яго да сваіх родных. Кожная маці абавязкова атрымае адказ на сваю малітву – хтосьці раней, а хтосьці пазней. Але навучыўшыся даручаць сваіх дзяцей Богу, яны становяцца па-іншаму да сваіх праблем, прымаючы волю Бога спазнаюць шчасце. А калі змяняецца маці, то змяняюцца дзеці, мужы, змяняецца сітуацыя ў сям’і.

maci-u-malitve

Біскуп Юрый Касабуцкі з Людмілай Губінай (справа) і каардынатарам руху “Маці ў малітве” ў Расіі (злева)

– У якіх гарадах нашай краіны збіраюцца групы руху “Маці ў малітве”?

– Нашы групы збіраюцца разам на супольную малітву ў Мінску, Мядзелу, Маладзечне, Гарадзеі, Магілёве, Бабруйску, Брэсце, Баранавічах, Ляхавічах, Бярозе, Лідзе, Воранаве, Зэльве, Браславе, Відзах, Лынтупах, у вёсках Далёкія і Муляры.

– Людміла Барысаўна,  што Вы пажадаеце матулям на іх свята?

– Дарагія мамы! Віншую вас з вялікім дарам мацярынства. Жадаю, каб дзеці вас радавалі, каб яны жылі па Божых запаведзях. Жадаю, каб у вашых сэрцах заўсёды была любоў і супакой, які дае нам Бог. Каб заўсёды адчувалі, што Бог побач і заўсёды падтрымлівае вас, калі вы давяраеце Яму і прымаеце Яго волю, таму што Ён любіць нас і нашых дзяцей. Любоў Бога бязмежная. Звяртайцеся да Яго ў малітве, падпарадкоўвайцеся Яго волі. Тады ў вашых сэрцах не будзе страху цяпер і аб будучыні.

– Што неабходна рабіць тым жанчынам, якія хочуць больш падрабязна даведацца пра рух “Маці ў малітве” і далучыцца да яго?

– Усе жанчыны, якія зацікавіліся рухам “Маці ў малітве”, могуць звяртацца да мяне з рознымі пытаннямі па тэлефоне +375 29 684 14 16 або напісаць на электронны адрас: mpray@mail.ru .

Гутарыла Ірына Радзевіч

для друку для друку