Юбілейная Парафіяда дзяцей і моладзі праходзіць у цэнтры дыяцэзіі

7 жніўня ў Віцебску распачалася V Парафіяда дзяцей і моладзі Віцебскай дыяцэзіі. Сёлетняя яе тэма “Разам да святасці!” Прымаюць удзел каля 100 прадстаўнікоў з дзевяці парафій: Віцебск (катэдра і св. Антонія), Варапаева, Ваўкалата, Пагошча, Лынтупы, Мёры, Глыбокае і моладзь БГКЦ.

Сама Парафіяда будзе доўжыцца тры дні і складаецца з трох частак: святыня, тэатр і спорт. Спаборніцтвы прысвечаныя 20-годдзю заснавання Віцебскай дыяцэзіі, 10-годдзю каранацыі абраза Маці Божай Браслаўскай і 5-годдзю дыяцэзіяльнай Парафіяды.

Адкрыццё Парафіяды распачалося са святой Імшы, якую ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Першы дзень быў вельмі насычаным: прайшлі спартыўныя спаборніцтвы (валейбол, шахматы, настольны тэніс, бег на 100 м, скачкі ў даўжыню) і тэсціраванне па ведам “Мая Віцебская дыяцэзія”. Таксама да моладзі з канферэнцыяй звярнуўся айцец Гжэгаж Ксёнжэк, які з’яўляецца ганаровым прадстаўніком Таварыства парафіяды з Варшавы, і ў Віцебск прыбыў як назіральнік. Першы дзень завяршыўся адарацыяй Крыжа ў касцёле.

У другі дзень удзельнікаў чакае ўрачыстае адкрыццё параалімпійскай Парафіяды сумесна з “Карытас” Віцебскай дыяцэзіі, сустрэча з цікавымі людзьмі, конкурс рэлігійнай песні і чарговая неспадзяванка.

Марына Сінкевіч, тэкст
кс. Алег Хмылко, Дар’я Іваноўская, фота

для друку для друку