Экуменічнае набажэнства ў Віцебскай катэдры

20 студзеня ў катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага ў Віцебску адбылося экуменічнае набажэнства пад дэвізам гэтага года «Будзьма ласкавыя» (пар. Дз 27, 18 – 28, 10), падчас якога прадстаўнікі хрысціянскіх Цэркваў і дэнамінацый Віцебска маліліся аб еднасці хрысціян, паведамляе vitkatedra.by.

Матэрыялы на сёлетні тыдзень за адзінства хрысціянаў былі падрыхтаваныя рознымі хрысціянскімі Цэрквамі на Мальце. Гісторыя хрысціянства ў гэтай маленькай краіне бярэ пачатак у апостальскія часы. Згодна з традыцыяй, святы Павел, Апостал народаў, у 60-м годзе дасягнуў узбярэжжа Мальты, што было апісана ў двух апошніх раздзелах Дзеяў Апосталаў. Малітвы і разважанні падчас сёлетняга Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў канцэнтруюцца на гасціннасці, аказанай людзям, якія пацярпелі караблекрушэнне, жыхарамі Мальты: “Мясцовыя жыхары былі да нас надзвычай ласкавыя” (Дз 28, 2).

У экуменічным набажэнстве прынялі ўдзел прадстаўнікі Каталіцкага Касцёла на чале з біскупам Віцебскім Алегам Буткевічам, а таксама прадстаўнікі іншых хрысціянскіх канфесій.

Набажэнства пачалося працэсіяй, на чале якой неслі Святое Пісанне. На пачатку, пробашч катэдральнай парафіі Езуса Міласэрнага кс. канонік Валеры Орсік прывітаў усіх прысутных у касцёле. Падчас набажэнства былі прачытаны малітва да Святога Духа, малітвы паяднання і малітвы надзеі.

Біскуп Алег Буткевіч адзначыў асаблівы характар гэтай сустрэчы: «Сёння мы не толькі кажам, сёння мы разам молімся з прадстаўнікамі розных хрысціянскіх Цэркваў і дэнамінацый аб так важным дары еднасці, аб чым прасіў Езус у свайго Айца – “Няхай усе будуць адно”.

Напрыканцы набажэнства прысутныя перадалі адзін аднаму знак супакою.

 

для друку для друку