Японцы рыхтуюцца да візіту Святога Айца

Св. Францішак Ксавэрый — місінер Японіі. Ілюстрацыйнае фота

Вядзецца падрыхтоўка да візіту Папы ў Японію. Ён пройдзе 23-27 лістапада 2019 года. З гэтай нагоды 2 лістапада ў Токіо пройдзе навуковы сімпозіум, прысвечаны гісторыі мясцовага Касцёла і яго будучыні.

У форуме “Жыць радасцю Евангелля. З пункту гледжання 470 гадоў гісторыі японскага Касцёла” прымуць удзел пераважна свецкія католікі, для якіх гэта будзе магчымасць падзяліцца сваёй верай. Ён пройдзе ў каталіцкім цэнтры “Нікалас Барэ” ў Токіо-Ёцуя.

Даклады будуць прысвечаныя прысутнасці хрысціянства ў Японіі ў апошнія пяць стагоддзяў: “спадчыне, інкультурацыі і дыялогу”, “місіі евангелізацыі ў Японіі”. У адным з іх прагучыць адказ на пытанне: “Чаму св. Францішак Ксавэрый апынуўся ў Кагасіме”. Гаворка пойдзе таксама пра рухі свецкіх вернікаў у сучасным японскім Касцёле.

У межах сімпозіума адбудзецца малітва ў духу экуменічнай супольнасці Тэзэ і канцэрт маладога аўтара рэлігійных песень Юры Коізумі.

Галоўнай тэмай падарожжа Папы ў Японію стане ахова навакольнага асяроддзя. “Абараняць кожнае жыццё” – так гучыць яго дэвіз. 32-і Апостальскі візіт Папы Францішка за межы Італіі, акрамя Японіі, уключыць Тайланд. Ён стане другім пасля св. Яна Паўла II Пантыфікам, які наведае дзве азіяцкія краіны.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку