Як выпрастацца душы? Думкі Святога Грыгорыя Вялікага

У адной з сінагог Ён навучаў у шабат. Была там жанчына, якая васемнаццаць гадоў мела духа немачы: яна была згорбленая і зусім не магла выпрастацца. (Лк. 13, 11).

Кожны грэшны чалавек, які не шукае нябеснага, не можа глядзець уверх, таму што паддаўшыся зямным жаданням, ён ухіляецца ад шчырасці розуму свайго і заўсёды бачыць толькі тое, пра што думае. Звярніцеся да сваіх сэрцаў і заўсёды назірайце, што вы ўтрымліваеце ў сваіх думках. Здараецца, што адзін дбае пра прашану, іншы пра грошы, трэці пра здабычу. Усё гэта ўнізе; і калі розум у гэтым заблытваецца, ён ухіляецца ад шчырасці свайго становішча. А паколькі ён не падымаецца да нябеснага, то ён ніяк не можа паглядзець уверх, як згорбленая жанчына.

 “Езус, калі ўбачыў яе, паклікаў і сказаў ёй: «Жанчына, ты вызвалена ад немачы сваёй». Ён усклаў на яе рукі, і яна адразу выпрасталася, і пачала праслаўляць Бога.” (Лк 13, 12-13). Паклікаў і выпрастаў, таму што прасвятліў яе розум і дапамог. Бог заклікае, але не выпроствае, калі мы, хоць і прасвятляемся Яго ласкай, але не можам атрымаць дапамогі … Бо часцей за ўсё мы бачым, што трэба рабіць, але не выконваем гэтага, спрабуем, але аказваемся слабымі. Розум бачыць, што правільна, але нам не хапае сілы на выкананне. У тым і ёсць пакаранне за грэх, што хоць па дару ласкі дабро можа быць і бачным, але гэта бачнае не даецца грэшніку. Бо звыклая вінаватасць скоўвае душу так, што яна не можа выпрастацца. Спрабуе і падае, пад прымусам вяртаючыся туды, дзе добраахвотна прабыла доўга, хоць бы ўжо і не хацела.

Аб гэтай згорбленасці чалавечага роду добра гаворыць псальміст: “сагнуты і панураны” (Пс 37, 7). Бо чалавек створаны быў для сузірання вышэйшага святла, але за грахі выгнання носіць змрок у сваёй душы, вышэйшага не жадае, імкнецца да cамага нізкага, нябеснага не жадае, носіць у душы толькі зямное. Святы Давід смуткаваў аб гэтым стане роду чалавечага і ад сябе усклікнуў: «Я сагнуты і панураны». Бо чалавек, які страціў сузіранне нябеснага, які думае толькі пра неабходнае для цела, пацярпеў і панік, але панікнуў яшчэ не «зусім». А каго ад вышэйшых намераў адцягвае не толькі неабходнасць, але і самыя недапушчальныя задавальненні, той панік ужо «да канца».

Таму іншы прарок аб нячыстых духах кажа: яны казалі табе: «упадзі ніцма, каб нам прайсці па табе» (Іс, 51, 23). Душа стаіць прама, калі жадае вышэйшага і не схіляецца да самага нізкага. Але злыя духі, калі бачаць яе, якая стаіць у сваёй прамаце, не могуць «прайсці па ёй». Бо гэта азначала б выклікаць у ёй нізкія пажаданні. Таму яны і кажуць: «упадзі ніцма, каб нам прайсці па табе». Але калі душа сама сябе не прыніжае да недастойных жаданняў, іх злосць не мае над ёй ніякай сілы. Самі яны не могуць прайсці па той, якая не схіляецца да іх, і не адварочвае сваёй увагі ад найвышэйшага.

 Падрыхтавала Вікторыя Колзун

Паводле: («Сорок бесед на Евангелия»)

для друку для друку